16-04, 12:22

У беларускім войску памёр салдат

“Вадзіма Юшко з Лепеля прызвалі ў войска летам 2005 года. Праз паўгады службы ён трапіў у шпіталь. І праз тры месяцы памёр”, піша “Комсомольская правда в Белоруссии”. 

Згодна з афіцыйнай версіяй пракурорскай праверкі, салдат памёр ад захворвання, “атрыманага ў перыяд вайсковай службы”.

Сёння крымінальная справа ўзбуджана грамадзянскай пракуратурай толькі ў дачыненні да медсупрацоўнікаў Віцебскай лякарні аб неналежным выкананні прафесійных абавязкаў, якія прывялі да смерці па неасцярожнасці. Справа доўжыцца ўжо 1,5 гады. Але бацькі ўпэўненыя, што вінаватае ў першую чаргу войска.

Яны распавялі “КП”, што раней іх сын ніколі не хварэў і не ляжаў у шпіталях. Ужо пасля шпіталізацыі Вадзім Юшко распавёў сваім бацькам, што ў войску яго моцна збілі, што і сталася прычынай хваробы. Цяпер бацькі памёрлага салдата дамагаюцца праўды.

Акрамя маці Вадзім прызнаўся свайму суседу па бальнічнай палаце, што патрапіў сюды з-за збіцця ў войску. І гэтыя паказанні сведкі ёсць у крымінальнай справе грамадзянскай пракуратуры Віцебскай вобласці.

- Але ваенная пракуратура на ўсе нашы звароты адмаўляецца вяртацца да войска, спасылаючыся на вынікі першай праверкі Віцебскай міжгарнізоннай ваеннай пракуратуры, падчас якой "фактаў гвалту ў дачыненні да Юшко не ўсталявана", - тлумачаць бацькі.

Акрамя таго, па матэрыялах праверкі цялесных пашкоджанняў пры аглядзе ў салдата не было. Але справа ў тым, што хлопец тры дні (а можа і чатыры - у справе ёсць супярэчлівыя дакументы з датай звароту Вадзіма за меддапамогай) правёў на пасцельным рэжыме ў казарме, як вынікае з паказанняў камандзіра ўзвода забеспячэння Зміцера Ліпскага. Між тым, па Статуце ўнутранай службы, калі ў салдата цяжкае захворванне, яго неадкладна павінны даставіць у медроту пад стацыянарнае назіранне. Такога рэжыму, як "казарменны", у статуце няма. Але аб тым, ці аглядаўся Вадзім у медпункце сваёй ваеннай часткі і ці былі цялесныя пашкоджанні ў гэты перыяд, у праверцы ні слова. Таму бацькі і лічаць, што камандзіры проста хавалі некалькі дзён сына ў частцы замест таго, каб тэрмінова праводзіць службовую праверку і забяспечыць шпіталізацыю.

Бацькоў Вадзіма, якія дагэтуль дамагаюцца праўды, хвалюе не толькі гонар сына. Калі ўсё так проста можна спісаць на захворванне, дзе гарантыя жыцця іншых салдатаў?
 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя