Абвалілася вежа Пішчалаўскага замка, дзе размяшчаецца следчы ізалятар галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінгарвыканкама (СІЗА № 1).
Па інфармацыі “Наша Нівы”, атрыманай ад дзяжурнага СІЗА на Валадарскага, у выніку абвалу вежы ніхто не пацярпеў. Шырэй каментаваць здарэнне адміністрацыя турмы пакуль адмаўляецца.
Былыя вязні кажуць, што ў некаторых з вежаў Пішчалаўскага замка месцяцца карцэры.

Фота "Наша Ніва"
Пішчалаўскі замак быў пабудаваны ў 1825 годзе. Узведзены ў стылі ранняга класіцызму, ён адразу пачаў выкарыстоўвацца ў якасці турмы. На пачатку мінулага стагоддзя тут быў зняволены Якуб Колас, арыштаваны за ўдзел у несанкцыяваным з'ездзе радыкальна настроеных настаўнікаў. Прыкладна з 1999 года пачаліся размовы аб будаўніцтве новага будынка СІЗА на ўскраіне Мінска і перадачы будынка замка ў веданне гарвыканкама, аднак далей размоў справа не прасунулася.
Летам 2002 года газета "Вечерний Минск" паведаміла, што найбольш прыдатнай для будаўніцтва новага следчага ізалятара спецыялісты МУС і камітэта па архітэктуры, горадабудаўніцтве і землекарыстанні Мінгарвыканкама прызналі пляцоўку ў раёне Калядзіч пад Мінскам. Паводле арыенціровачных разлікаў, кошт будаўніцтва СІЗА павінен скласці прыблізна 20 млн. долараў.
У гутарцы з журналістамі ў студзені 2004 года міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў паведаміў, што даволі шмат падраздзяленняў і службаў МУС размяшчаюцца цяпер у будынках, якія з'яўляюцца помнікамі архітэктуры. Напрыклад, райаддзел міліцыі ў Кобрыне (Брэсцкая вобласць) размяшчаецца ў будынку жаночага манастыра XIV стагоддзя.




