Колісь тут віравала звычайнае гарадское жыццё – на тэрыторыі сённяшняга следчага ізалятара №1 месціліся майстэрні, аптэка, школа, царква, але потым быў збудаваны Пішчалаўскі замак, які і стаў выкарыстоўвацца, як турма.
За няпоўныя два стагоддзі праз яе прайшлі нt толькі рабаўнікі ды гвалтаўнікі, але і знаныя беларускія дзеячы – ад Каруся Каганца і Якуба Коласа да Славаміра Адамовіча і Цімоха Дранчука. І вось у гэтую нядзелю адна з вежаў гістарычнага помніку абвалілася. Гісторык Сяргей Харэўскі не думае, што адбылося гэтае здарэнне знянацку.
- Падазраю, што абрынанне вежы магло быць справакавана. Шмат падобных выпадкаў, як руйнаваліся помнікі архітэктуры на тэрыторыі беларускіх турмаў – у Беразвеччы, Воршы. Мэта – або хутчэйшае адсяленне з гэтага памяшкання, альбо з мэтай выбіць дадатковыя сродкі, альбо схаваць нястачу, прыхаваць крадзеж папросту. Выглядае, што справа тут цёмная.
Старшыня Беларускага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч паўжартам кажа, калі бы Пішчалаўскі замак не быў гісторыка-культурнай каштоўнасцю агульнарэспубліканскага значэння, то гэта здарэнне можна было бы назваць законнай адплатай. Надта шмат людскога гора звязана з гэтым месцам. Але ж губляць гістарычны помнік праз нядбайнасць чыноўнікаў – прыкра, кажа сп.Антон.
- Карыстальнікам будынка з’яўляецца Міністэрства унутраных спраў, - кажа Антон Астаповіч, - а абвал вежы паказвае, што гэты карыстальнік не выконваў элементарных патрабаванняў да аховы архітэктурных помнікаў. СІЗА – закрытая тэрыторыя і мы ніколі не даведаемся праўды аб тым, што прывяло да абвалу. Магчыма, там праводзіліся нейкія работы без уліку каштоўнасці будынка. І добра яшчэ, што ў той вежы не было камер, а толькі вінтавая лесвіца, бо маглі б быць ахвяры.
Пры тым Антон Астаповіч звярнуў увагу на галоўнае:
- Што б ні знаходзілася ў будынку Пішчалаўскага замка, калі ён на балансе дзяржаўнай установы, то яна павінна выконваць заканадаўства, якое прадугледжвае ашчаднае стаўленне да архітэктурных каштоўнасцяў. Тым больш трэба клапаціцца аб выкананні закона, калі гэта ўстанова – МУС, якое патрабуе выканання законаў ад нас. У гэтым сэнсе абвал вежы – вялікі паказчык.
Старшыня Таварыства аховы помнікаў падкрэсліў сімвалічнасць наступнага: 18 красавіка – Міжнародны дзень аховы помнікаў, 20 красавіка – абвал вежы Пішчалаўскага замка. Крыху раней адбылося зруйнаванне крыла Нясвіжскага замка, перанос помніка Максіму Багдановічу і зруйнаванне дома ва вуліцы Рэвалюцыйнай у Мінску. Гэтак Беларусь дбае пра сваю гістарычную спадчыну.
Грамадскі актывіст Цімафей Дранчук добра ведае пра сапраўдны стан помніка-турмы. Тут ён правёў 10 месяцаў свайго жыцця – пазалетась адбываў пакаранне за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Цімафей лічыць, што абрынанне вежы замка – гэта папераджальны сігнал, бо ўвесь будынак – у жахлівым стане, але пры тым актыўна выкарыстоўваецца.
- Самае жахлівае, што вежамі, адна з якіх абрынулася, увесь час карыстаюцца. Цягам дня літаральна кожныя 20 хвілін праз яе выводзяць зняволеных па 10-20 чалавек з другога-чацвертага паверхаў на прагулкі. Таму дзякуй Богу, што хоць ахвяраў не было пры гэтым здарэнні.
Грамадскасць мае ўзяць пад кантроль сітуацыю з Пішчалаўскім замкам. Ужо ў аўторак кіраўніцтва Беларускага таварыства аховы помнікаў звернецца ў Міністра ўнутраных спраў Уладзіміра Навумава з тым, каб дакладна дазнацца што здарылася на тэрыторыі СІЗА№1 у нядзелю.
Сяргей БУДКІН, Наталля ЯКАВЕНКА




