Паводле папярэдняй інфармацыі, прычынай пажару 3 мая на тэрыторыі нафтабазы РУП "Беларуснафта Брэстаблнафтапрадукт" стала прамое траплянне маланкі. Пра гэта паведаміў памочнік начальніка Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Машноў.
Згодна з версіяй спецыялістаў, маланка трапіла ў вертыкальны стальны рэзервуар, дзе захоўвалася 374 тыс. літраў бензіну маркі А-92.
Паводле ўдакладненых звестак, інфармацыя аб пажары паступіла ў цэнтр аператыўнага кіравання абласнога ўпраўлення МНС у 16.11. Для ліквідацыі пажару было задзейнічана 58 адзінак тэхнікі МНС і тры пажарныя цягнікі Беларускай чыгункі.
"Палаючая ёмістасць аб'ёмам у 1 тыс. куб. метраў размешчана ў групе з шасці рэзервуараў, абвалаваных бетоннай сцяной. Паколькі стварылася пагроза распаўсюджвання агню на суседнія рэзервуары са светлымі нафтапрадуктамі і масламі, ратавальнікі непарыўна падавалі пену на тушэнне рэзервуара і ахаладжалі ўсе шэсць", — расказаў С.Машноў.
Паводле яго слоў, да 18.25 пажар быў лакалізаваны, а ў 19.45 — ліквідаваны, аднак у 20.15 адбылося паўторнае ўзгаранне паліва, якое разлілося з-за выхаду са строю запорнай арматуры пацярпелага рэзервуара і парушэння герметычнасці рэзервуара, размешчанага побач. Паўторнае НЗ удалося ліквідаваць да 21.10.
Для ўстаранення ўцечкі паліва з пашкоджаных рэзервуараў былі накладзены спецыяльныя бандажы, умацаваныя мяшкамі з пяском. Мінулай ноччу на нафтабазе дзяжурылі падраздзяленні МНС.
Цяпер на месцы здарэння працуе міжведамасная камісія з супрацоўнікаў МНС, Упраўлення ўнутраных спраў, пракуратуры, канцэрна "Белнафтахім" і Дзяржпрамнагляду. Яны расследуюць прычыны пажару. Сума ўрону ўдакладняецца. //БелаПАН




