Паводле папярэдняй ацэнкі спецыялістаў, прычынай інцыдэнту на найбуйнейшай у Беларусі Лукомльскай ДРЭС стала аўтаматычнае адключэнне аднаго з энергаблокаў станцыі з-за няспраўнасці высакавольтнага выключальніка. Пра гэта 25 чэрвеня на прэс-канферэнцыі паведаміў намеснік генеральнага дырэктара канцэрна “Белэнерга” Аляксандр Сівак.
- Ніякага чалавечага фактару тут няма.
Паводле слоў Аляксандра Сівака, пасля спынення 8-га блока пачалі адключацца астатнія сем. Гэта адбылося ў 9 гадзін 25 чэрвеня.
- У адзін момант мы страцілі 55% магутнасці ўсёй электраэнергіі, што выпрацоўваецца ў краіне. Станцыя села на нуль.
Страты электрычных магутнасцей, паведаміў ён, былі кампенсаваныя за кошт электраэнергіі з Літвы, Латвіі і Расіі. Так, з Расійскай Федэрацыі было пастаўлена 1,5 тыс. МВт, з краін Балтыі - каля 1 тыс.
- Каб не ўскладніць сітуацыю, мы былі вымушаны адключыць спажыўцоў.
У адваротным выпадку, патлумачыў ён, “уся энергасістэма краіны магла стаць на нуль”.
Ён паведаміў, што 17% усіх спажыўцоў электрычнасці ва ўсіх рэгіёнах краіны заставаліся без электрычнасці прыкладна на працягу дзвюх гадзін.
Паводле слоў намесніка генеральнага дырэктара, інцыдэнт “практычна ліквідаваны”.
- Лукомльская ДРЭС цяпер працуе шасцю блокамі, вырашаецца пытанне аб падключэнні сёмага і восьмага.
Паводле яго слоў, створана спецыяльная камісія, якая ў самым хуткім часе мусіць разабрацца ў сітуацыі. Падчас інцыдэнту абсталяванне не пацярпела.
Сівак паведаміў, што гэта найбуйнейшае адключэнне электраэнергіі ў найноўшай гісторыі Беларусі. Адключэнне такога маштабу было ў Беларусі каля 30 гадоў таму, сказаў ён.
Паводле спецыяліста, размешчаная ў Віцебскай вобласці Лукомльская ДРЭС з'яўляецца адной з самых надзейных станцый на постсавецкай прасторы. // БелаПАН





