Навіну пра тое, што Лукойл будзе будаваць у Белавежскай пушчы паліўную базу Рацы пракаментаваў доктар Януш Корбэль - старшыня Таварыства Аховы Краявіду.
- Гэта абсурд, што гміны думаюць, што можна развівацца шляхам пабудовы базаў-складоў нейкіх шкодных матэрыялаў, нейкіх адкідаў у месцы, якое мае каштоўнасць не толькі на ўзроўні рэгіёну, але і на ўзроўні Польшчы і усёй планеты. Маючы такую залатую жылу, якой з’яўляецца Белавежская пушча, трэба было б развіваць турыстыку, клапаціцца аб прыродзе, а тут усім, нібы, падаецца, што можна пабудаваць нейкую гуту, нейкае складовішча нафты і невядома чаго яшчэ. Я гэтага проста не разумею.
Пагроза існуе падчас пабудовы, падчас эксплуатацыі і пасля, таму што гэта будзе такі генератар руху. Там будуць ездзіць цяжкія аўтамабілі, цыстэрны. Яны будуць праязджаць праз пушчу. Апрача таго, мы, на добрую справу, не ведаем як будзе выглядаць гэтая база, гэта 25 гектараў – агромная тэрыторыя. Калі гэта мае быць нейкі буйны склад газу, саляркі, бензіна, то тады там будзе і агромны рух. Апрача таго які-кольвечы выцёк, а нават падчас пабудовы змена геалагічных умоваў. Некалькі кіламетраў адтуль знаходзіцца нацыянальны парк Белавежская пушча. Апрача таго – гэта пэўны экалагічны калідор, які закрыецца. Перарываецца спалучэнне паміж Семяноўкай і самой мясцовасцю Нараўка. А тымчасам Семяноўка мела быць турыстычным абшарам. Усе гэтыя дзеянні абсалютна пазбаўлены сэнсу. Ужо сама пабудова вадасховішча Семяноўка абнізіла ўзровень грунтовых водаў, там тэрыторыя перарэзана меліяратыўнымі равамі. Гэта ўсё зменіцца, калі будуць будаваць чарговыя буйныя падземныя рэзервуары. Ізноў змена водных суадносінаў. Уплыў гэтай інвестыцыі будзе агромністым, цяжка нават прадказаць.
Самым страшным з’яўляецца тое, што ствараецца такі магутны генератар руху, і то не для веласіпедыстаў, якія наведваюць пушчу, ці назіраюць птушак, толькі для агромных цыстэрнаў, якія там будуць ездзіць. Наша аб’яднанне Таварыства Аховы Краявіду, зразумела, супраць. Мы непрыемна здзіўлены, атрымаўшы такую інфармацыю. Наогул людзі з газеты даведваюцца якім чынам усё гэта вырашалася, бо не было ніякай інфармацыі для людзей, не было грамадскай дыскусіі на гэту тэму. Гэта ясна паказвае, што існуе неабходнасць стварэння аднаго плану для ўсёй пушчы і для ўсяго рэгіёну, што такога плана няма, што проста кожны стараецца здабыць грошы найпрасцейшым спосабам, а найпрасцей прадаць зямлю. Прадаць ці то пад участкі адрачынку, ці то пад пабудову базы. Гэта найпрасцейшы спосаб. Раз возьмуць гэтыя грошы, пасля можна мець нешта з падаткаў. Але нельга забывацца на тое, што другім па велічыні промыслам у свеце не з’яўляецца промысел складавання, а промысел турыстычны. Такім чынам падразаецца галінка, на якой сядзяць.
Радыё Рацыя






