Для ўзнагароджання пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур, нарыхтоўцы травяных кармоў у бягучым годзе будзе выдзелена не менш як 7 млрд. рублёў. Пастановай Савета Міністраў № 342 зацверджана 386 ганаровых дыпломаў з грашовымі прэміямі і каштоўнымі падарункамі, у тым ліку 277 ганаровых дыпломаў - удзельнікам жніва.
Паводле інфармацыі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, рэспубліканскае спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых, нарыхтоўцы кармоў і вырошчванні лёну праводзіцца ў Беларусі штогод. У яго рамках арганізаваны рэспубліканскі агляд-конкурс павышэння культуры земляробства. Вынікі спаборніцтва і агляду-конкурсу падводзяцца на фестывалі-кірмашы “Дажынкі”. Тут жа пераможцам уручаюць ганаровыя дыпломы і каштоўныя падарункі.
У Мінсельгасхарчы растлумачылі, што затраты на правядзенне спаборніцтва робяцца за кошт сродкаў рэспубліканскага фонду падтрымкі сельгасвытворцаў. У цэлым на ўсе віды спаборніцтваў (уключаючы агляд машынных двароў і спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі) плануецца выдзеліць не менш як 10 млрд. рублёў.
Для пераможцы сярод абласцей па выніках уборкі ўраджаю заснаваны ганаровы дыплом з грашовай прэміяй 50 млн. рублёў, сярод раёнаў - шэсць дыпломаў з грашовымі прэміямі па 30 млн. кожная. Калі па выніках спаборніцтва пераможцамі выходзяць два раёны, адзін з якіх за апошнія пяць гадоў, уключаючы 2008 год, быў пераможцам такога спаборніцтва, то і гэты раён узнагароджваецца ганаровым дыпломам і грашовай прэміяй, якія засноўваюцца дадаткова.
Для ўзнагароджання пераможцаў сярод сельгасарганізацый (іх філіялаў, адасобленых падраздзяленняў, якія маюць асобны баланс) заснавана 18 ганаровых дыпломаў з грашовымі прэміямі. Так, прэмія за першае месца складзе 20 млн., за другое - 15 млн., за трэцяе - 10 млн. рублёў, паведамляе БелТА. Калі па выніках спаборніцтва на першае месца выйдуць дзве арганізацыі, адна з якіх за апошнія 5 гадоў, уключаючы 2008 год, была пераможцам такога спаборніцтва, то і гэта арганізацыя будзе ўзнагароджана ганаровым дыпломам і грашовай прэміяй у суме 20 млн. рублёў, якія засноўваюцца для гэтага дадаткова.
Пераможцаў спаборніцтва сярод галоўных аграномаў у аглядзе-конкурсе павышэння культуры земляробства чакаюць 12 ганаровых дыпломаў з прэміямі ў суме 5 млн. кожная (па два ганаровыя дыпломы і дзве грашовыя прэміі на вобласць). У такім жа памеры будзе заахвочана праца лепшых галоўных інжынераў сельскагаспадарчых арганізацый.
Лепшых старшых камбайнераў мехатрадаў пры арганізацыях, якія абслугоўваюць сельскую гаспадарку і занялі першыя месцы ў сваіх рэгіёнах, чакаюць шэсць ганаровых дыпломаў і легкавыя аўтамабілі, за другое месца - па два ганаровыя дыпломы і маразільнікі, за трэцяе месца - па тры ганаровыя дыпломы і маразільнікі. Старшы камбайнер, які займаў раней першае месца ў такім спаборніцтве, узнагароджваецца ганаровым дыпломам з камп'ютэрам і грашовай прэміяй у памеры 9 млн. рублёў. Камбайнеры з гэтых экіпажаў атрымаюць камп'ютэр за першае месца, газавую пліту - за другое, тэлевізар - за трэцяе месца.
Пераможцы спаборніцтва сярод старшых камбайнераў сельгасарганізацый, акрамя ганаровых дыпломаў, за першае месца атрымаюць легкавы аўтамабіль, за другое - халадзільнік, за трэцяе - маразільнік. Старшыя камбайнеры, якія займалі першае месца ў такім спаборніцтве апошнія пяць гадоў, уключаючы 2008 год, будуць узнагароджаны ганаровым дыпломам з камп'ютэрам і грашовай прэміяй у памеры 9 млн. рублёў.
Прадугледжаны таксама заахвочванні для камбайнераў сельгасарганізацый, што працуюць у якасці памочнікаў, а таксама для старшых камбайнераў маладзёжных экіпажаў сельгасарганізацый і вадзіцеляў, якія перавозяць збожжа.




