У кампаніі "Мабільныя ТэлеСістэмы" катэгарычна не згодны з рашэннем апеляцыйнага савета Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці, што прызнаў несапраўднай рэгістрацыю на тэрыторыі Беларусі таварнага знака "МТС" з выявай чырвонага яйка.
"Мы лічым гэтае рашэнне абсалютна незаконным і неабгрунтаваным", — заявіў БелаПАН дырэктар прадстаўніцтва расійскага ААТ "МТС" у Беларусі Дзмітрый Ходас.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што рашэнне было агучана, аднак не набыло моц. Гэта адбудзецца толькі пасля завяршэння шасцімесячнага тэрміну пасля прадстаўлення апеляцыйным саветам матывіровачнай часткі рашэння. У сваю чаргу, матывіровачная частка павінна быць прадстаўлена на працягу двух месяцаў.
"Гэта значыць у лепшым выпадку рашэнне апеляцыйнага савета набудзе моц не раней чым праз сем-восем месяцаў", — падкрэсліў кіраўнік прадстаўніцтва "МТС".
Д.Ходас таксама заявіў, што аб правамернасці вынесенага рашэння можна будзе гаварыць толькі пасля таго, як апеляцыйным саветам будзе прадстаўлена матывіровачная частка. Яна павінна змяшчаць указанні, на падставе чаго рэгістрацыя таварнага знака прызнана несапраўднай.
"Пакуль ні апеляцыйны савет, ні хто-небудзь іншы афіцыйнага меркавання з боку Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці не заявіў, па якіх усё ж падставах рэгістрацыя таварнага знака прызнана несапраўднай. Але падкрэсліваю — рашэнне не набыло моц, таму таварны знак застаецца зарэгістраваным і выкарыстоўваецца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь правамерна", — заявіў Д.Ходас.
Паводле яго слоў, каманія "МТС" будзе прымаць рашэнне адносна сваіх далейшых дзеянняў пасля прадстаўлення апеляцыйным саветам матывіровачнай часткі.
3 мая апеляцыйны савет Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці прызнаў несапраўднай рэгістрацыю таварнага знака кампаніі "МТС" з выявай чырвонага яйка.
Такое рашэнне апеляцыйны савет пад старшынствам Наталлі Баркун прыняў па выніках слухання заявы аўтараў мастацкіх твораў "Яйкаквадраты", вядомых дзеячаў беларускай культуры — паэта Алеся Разанава і мастака Віктара Маркаўца. 10 кастрычніка 2007 года яны звярнуліся ў цэнтр з пярэчаннямі супраць рэгістрацыі на тэрыторыі Беларусі таварнааг знака № 25.420 з выявай чырвонага яйка ў белым квадраце.
8 мая апеляцыйны савет агучыць рашэнне па другой заяве аўтараў "Яйкаквадратаў", якія ў кастрычніку 2007 года звярнуліся ў цэнтр з пярэчаннямі супраць рэгістрацыі на тэрыторыі Беларусі таварнага знака № 25.419 з выявай белага яйка ў чырвоным квадраце.




