Паводле рашэння Гродзенскага абласнога савета дэпутатаў, падвысіўся падатак на паслугі мабільнай сувязі. Цяпер жыхары вобласці замест пяці адсоткаў будуць плаціць дзяржаве дзесяць.
Непапулярнае рашэнне дэпутаты абгрунтавалі тым, што падатак на паслугі мабільнай сувязі ў Гродзенскай вобласці быў самы нізкі па краіне і складаў пяць адсоткаў. Як сцвярджаюць супрацоўнікі аператараў мабільнай связі, яны дазналіся аб падвышэнні падатку толькі пасля таго, як заўважылі, што абанентам павялічыўся кошт званкоў, а людзі пачалі звяртацца за тлумачэннямі.
Тым часам гродзенскія дэпутаты падвысілі падаткі не толькі на паслугі мабільнай сувязі. Адпаведным рашэннем падвышаны памер падаткаў за паркоўку транспартных сродкаў у спецыяльных месцах, рамонт і тэхнічнае абслугоўванне аўтамабіляў для фізічных асобаў.У гэты спіс трапілі і грамадзяне, якія валодаюць сабакамі ці выкарыстоўваюць іх у прадпрымальніцкай дзейнасці.




