У Беларусі не плануецца будаваць прадпрыемства па перапрацоўцы ядзерных адходаў. Пра гэта паведаміў старшыня Нацыянальнай камісіі па радыяцыйнай абароне пры Савеце міністраў Якаў Кенігсберг 24 ліпеня на пасяджэнні круглага стала па пытаннях арганізацыі радыяцыйнай бяспекі насельніцтва пры будаўніцтве атамнай электрастанцыі.
- Мы не збіраемся ў сябе ў краіне ў агляднай будучыні будаваць прадпрыемства, якое будзе перапрацоўваць ядзерныя адходы. У гэтым няма ніякага сэнсу, — лічыць спецыяліст.
Паводле яго слоў, існуе сусветная практыка, згодна з якой краіна, якая пастаўляе паліва на АЭС, яго ж забірае на перапрацоўку. "У свеце існуе тэхналогія, апрабаваная дзесяцігоддзямі", — заявіў Я.Кенігсберг.
У сваю чаргу намеснік генеральнаао дырэктара Аб'яднанага інстытута высокаэнергетычных і ядзерных даследаванняў "Сосны" Нацыянальнай акадэміі навук Мікалай Груша заўважыў, што, да прыкладу, ЗША пастаўляюць паліва, але не забіраюць адпрацаваныя адходы, бо гэта забаронена амерыканскім заканадаўствам — "у іх паліва не перапрацоўваецца".
Францыя і Германія, паводле яго слоў, "могуць узяць адпрацаванае паліва на перапрацоўку, але назад адходы ў канцэнтраваным выглядзе вяртаюцца ў краіну, адкуль яно паступіла". У Расіі, згодна з прынятымі нядаўна папраўкамі ў законы аб выкарыстанні атамнай энергіі і ахове навакольнага асяроддзя, апрача перапрацоўкі дазволена доўгачасовае захоўванне такіх адходаў, зазначыў М.Груша.
Паводле яго слоў, у хуткім часе ў Беларусі павінна быць распрацавана стратэгія абыходжання з радыеактыўнымі адходамі і адпрацаваным ядзерным палівам. "Наогул я не лічу адпрацаванае паліва радыеактыўнымі адходамі. Хутчэй, гэта крыніца сыравіны", — заявіў М.Груша. "У тым аб'ёме адпрацаванага ядзернага паліва, які сабрала сусверная ядзерная энергетыка, утрымліваецца рэдказямельных металаў больш, чым ва ўсёй зямной кары", — патлумачыў ён. Такое паліва, лічыць вучоны, можа цалкам быць прыдатным у далейшым. "Мне здаецца, калі правільна захоўваць такое паліва, нашчадкі будуць удзячныя за дадзеную магчымасць атрымання з яго ўсёй перыядычнай сістэмы Мендзялеева", — лічыць М.Груша, паведамляе БелаПАН.





