У Літоўскім музеі тэатру, музыкі і кіно праходзіць выстава “Янка Купала і тэатр". Мерапрыемства прысвечанае 95-годдзю першай пастаноўкі п'есы Янкі Купалы “Паўлінка”, якая адбылася 27 студзеня 1913 года.
Экспануецца на выставе калекцыя Беларускага дзяржаўнага літаратурнага музею Янкі Купалы. Сярод экспанатаў – рукапісы, друкаваныя выданні п'есаў Янкі Купалы, шмат якія з іх пабачылі свет у Вільнюсе. Таксама прэзентуюцца юбілейныя і памятныя выданні твораў драматурга, у тым ліку і пераклады на літоўскую мову, фотаздымкі сцэнаў са спектакляў, тэатральныя праграмы і афішы. Упершыню прадстаўленая вялікая калекцыя сцэнічных касцюмаў і дэкарацый мастакоў Оскара Марыкса і Канстанціна Елісеева для пастановак п'есаў Янкі Купалы “Паўлінка”, “Адвечная песня” і “Раскіданае гняздо”.
Арганізатарамі выставы сталі Беларускі дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, Міністэрствы культуры Беларусі і Літвы, амбасада Рэспублікі Беларусь у Літве і Літоўскі музей тэатру, музыкі і кіно.
Сяржук ГАЎРЫЛЕНКА




