Ідзе работа над стварэннем зборніка відэакліпаў беларускіх гуртоў — "Кліп-марафон". Плануецца, што на DVD-дыску будуць сабраны музычныя ролікі класікаў беларускага року і маладых каманд, знятыя ў канцы ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя.
Работа над стварэннем дыска вядзецца суполкай "Беларуская музычная альтэрнатыва" ("БМА group") грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны". Як паведаміў кіраўнік "БМА group" Віталь Супрановіч, асноўная мэта праекта — данесці гледачам творчасць беларускамоўных гуртоў. "Большасць беларускамоўных кліпаў не паказваецца айчыннымі тэлеканаламі, хаця ў той жа час попыт гледачоў на іх існуе", — заўважыў ён.
Паводле слоў В.Супрановіча, для зборніка ўжо адабрана каля 50 кліпаў. Многія з іх былі паказаны 18—19 кастрычніка 2007 года на фестывалі кліпаў беларускамоўных выканаўцаў "Кліп-марафон 2007" у Мінску. Нагадаем, у яго рамках было прадэманстравана больш за 30 музычных відэа вядомых беларускіх гуртоў: "N.R.M.", "Крамбамбуля", "Стары Ольса", "Zet", "Нейра Дзюбель", "Крок", ":B:N:", "PLAN", "IQ48", "Палац", "Зьніч", "Бонда" і іншых. Плануецца, што ў зборніку кліпы будуць класіфікаваны па намінацыях: "Анімацыйныя кліпы", "Чорна-белыя кліпы", "Цяжкая музыка", "Мінская вясна" і г.п.
Збор ролікаў для ўдзелу ў праекце працягваецца. Паводле слоў В.Супрановіча, трапіць у яго можа любая беларуская каманда, у якой ёсць кліп. "Галоўнае — гэта якасць відэа і жаданне музыкантаў узяць удзел у праекце", — сказаў ён.
Выхад зборніка відэакліпаў запланаваны на красавік гэтага года. //БелаПАН




