Актуальныя праблемы краязнаўства абмеркаваны на канферэнцыі "Апошнія краязнаўчыя дасягненні Дзісненшчыны", якая прайшла 3 ліпеня ў вёсцы Германовічы Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці.
Як паведаміла кіраўнік германовіцкага культурна-асветнага цэнтра імя Язэпа Драздовіча Ада Райчонак, больш як 40 краязнаўцаў — выкладчыкі і навучэнцы з Менска, Віцебска, Браслава, Глыбокага, Мёраў, Шаркаўшчыны і Германовіч — абмеркавалі пытанні пошуку і атрыбуцыі рэчавых, выяўленчых і пісьмовых рэліквій, а таксама стварэння экспазіцый грамадскіх музеяў і формы іх працы.
Канферэнцыя праводзілася ў германовіцкім літаратурна-мастацкім музеі імя Міхася Райчонка і прысвячалася памяці гэтага маладога даследчыка і літаратара (нарадзіўся 3 ліпеня 1973 года, памёр 14 студзеня 1999 года). Пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага універсітэта імя Пятра Машэрава Райчонак выкладаў у гэтай ВНУ і працягваў вучобу ў аспірантуры Інстытута літаратуры імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук. З яго ініцыятывы праводзіліся міжнародныя Дзісненскія чытанні і мастацкія пленэры памяці Язэпа Драздовіча. У 1995 годзе вучоны заснаваў цэнтр імя Драздовіча. Райчонак пакінуў пасля сябе дзве кнігі — прозы і паэзіі "Як сын твой родны" і літаратуразнаўчае даследаванне "Нашчадкам".
Канферэнцыя памяці Райчонка праводзіцца раз на тры гады, паведамляе БелаПАН.








Каментары