15-03, 15:45

У Драгічынскім раёне археолагі знайшлі астанкі прадстаўнікоў славутага роду Ажэшкі

Паводле вядучага спецыяліста па археалогіі арганізацыі “Брэстрэстаўрацыяпраект” Аляксандра Башкова, астанкі знойдзены ў вёсцы Заказель у капліцы, магільным склепе роду Ажэшкі, які знаходзіўся на тэрыторыі фамільнай сядзібы, у час правядзення падрыхтоўчых работ па рэстаўрацыі гэтага аб'екта гісторыка-культурнай спадчыны.

- Апрача таго, у склепе пад капліцай, што, як лічылася раней, была поўнасцю разрабавана, таксама знойдзена значная колькасць розных артэфактаў. Сярод іх бронзавыя фрагменты ад трун, а таксама фрагмены адзення пахаваных, драўлянай дэкаратыўнай разьбы, слуцкага пояса.

Пасля правядзення антрапалагічнага аналізу астанкі будуць пахаваны. Знойдзеныя прадметы плануецца перадаць у Брэсцкі абласны краязнаўчы музей, паведамляе БелаПАН. Паводле меркавання вучоных, пасля завяршэння рэстаўрацыйных работ у капліцы можна было б стварыць музей шляхецкіх родаў Драгічынскага раёна.

Фамільны склеп роду Ажэшкі быў пабудаваны з каменя ў 1849 годзе па праекце вядомага польскага архітэктара Францішака Яшчульда. Гэта адзін з самых яркіх помнікаў архітэктуры неаготыкі ў Беларусі. Чатыры вуглавыя вежы былі ўпрыгожаны скульптурамі евангелістаў, чыгуннымі ажурнымі крыжамі, сцены пакрытыя вытанчаным дэкорам.

На фасадзе капліцы і сёння захаваліся два чыгунныя шчыты з гербамі двух галін роду Ажэшкі. Унутры знаходзіўся алтар з мармуру і металу. Пад капліцай быў склеп — месца пахаванне роду Ажэшкі. Самая вядомая прадстаўніца роду — славутая Эліза Ажэшка (1841—1910), якая ў 1858—1864 г. жыла ў Заказелі і ў вёсцы Людвінава, што за некалькіх кіламетраў ад гэтага месца.

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя