12-05, 10:57

У Гродне пабачыла свет “Магдэбургская Гародня”

Гэта першая кніга серыі “Гарадзенская бібліятэка”, выданне якой распачаў гродзенскі рух “За Свабоду”. Серыю, патранат якой ажыццяўляе Аляксандр Мілінкевіч, складуць кнігі вядомых аўтараў, чый жыццёвы і творчы лёс непасрэдна звязаны з горадам над Нёманам.

Аўтарам “Магдэбургскай Гародні” з’яўляецца гродзенскі гісторык Юры Гардзееў, доктар гістарычных навук, ад’юнкт Інстытута Расіі і Усходняй Еўропы Ягелонскага ўніверсітэта. На ягоным рахунку каля 70 публікацый, прысвечаных гісторыі Гродна ды іншых беларускіх гарадоў.

“Магдэбургская Гародня” - першая ў Беларусі праца, якая дае ўнікальную магчымасць здзейсніць вандроўку па легендарных вуліцах і пляцах і дакрануцца да таямніцаў шматлікіх гродзенскіх кляштараў і палацаў.

Каардынатар серыі “Гарадзенская бібліятэка” Павел Мажэйка лічыць, што з’яўленне “Магдэбургскай Гародні” стане значнай падзеяй не толькі ў гістарычнай, але і ў грамадскай думцы Беларусі:

- Гэтую кнігу, як і ўсю серыю, мы прысвячаем Гораду і гарадзенцам. Мы верым і ведаем, што гісторыя не пакіне і следу па тых, хто прымаў і прымае рашэнні па знішчэнню Гародні і яе архітэктурных помнікаў, хто пераследаваў і пераследуе яе абаронцаў, хто знішчаў незалежныя газеты ці аддаваў загады аб арыштах грамадскіх дзеячоў. У гісторыі застануцца тыя, хто ствараў і стварае імя Гародні – і гэта кніга ў першую чаргу ў гонар іх.

На 21 траўня ў Гродне з удзелам аўтара запланавана першая публічная прэзентацыя “Магдэбургскай Гародні”.

Азнаёміцца з фрагментамі кнігі можна тут.

 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя