Кіраўнік дзяржавы падчас сённяшняга наведвання палацава-паркавага ансамбля ў Нясвіжы заявіў, што да яго рэстаўрацыі неабходна прыцягнуць прыватныя арганізацыі.
"Наймайце каго хочаце, хаць прыватніка. Калі падыйдзеце да гэтага па-гаспадарску і зэканоміце сродкі, то астатнімі зможаце распарадзіцца ў сябе ў раёне самі", — сказаў прэзідэнт. Узгодненае рашэнне па дадзеным пытанні губернатара Мінскай вобласці, старшыні Нясвіжскага райвыканкама і генеральнага падрадчыка павінна быць прадстаўлена яму праз тыдзень. "Збярыцеся ўтрох і прыміце рашэнне. Але да мая 2010 года тут усё павінна быць ідэальна", — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў прэзідэнта, неабходна разумна падыходзіць да рэстаўрацыі гісторыка-культурных аб'ектаў. "Калі няма чаго рэстаўраваць, то і не трэба. Давайце абгародзім разваліны і будзем іх у такім выглядзе паказваць турыстам", — сказаў прэзідэнт, дадаўшы, што да рэстаўрацыі трэба падыходзіць толькі ў тым выпадку, калі закончаны ўсе будаўнічыя работы.
У 2007 годзе здадзены ў эксплуатацыю першы пускавы комплекс палацава-паркавага ансамбля, а менавіта ўязная брама, галерэі, мост, вежа. Як паведамілі прэзідэнту, для завяршэння да ўстаноўленага тэрміну ўсіх аднаўленчых работ неабходна дадатковае фінансаванне. А.Лукашэнка выказаў крайнюю незадаволенасць тым, што аб'ект дагэтуль закрыты для наведвальнікаў. Ён падкрэсліў, што дзяржава можа аддаць усе грошы, прадугледжаныя на рэстаўрацыю аб'екта, напрамую.
А.Лукашэнка таксама запатрабаваў найбліжэйшымі днямі паведаміць аб работах на спартыўным комплексе "Мінск-Арэна". //БелаПАН




