14-05, 10:13

Спектакль пра юнацтва Скарыны

У Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа 11 траўня адбылася прэм’ера спектакля “Кракаўскі студэнт” (Юнацтва Францыска Скарыны). На віцебскай сцэне па п’есе Георгія Марчука яго паставіў сталічны рэжысёр – кіраўнік Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Валерый Анісенка. Падзеі спектакля адбываюцца ў Полацку ў 1503-1504 гадах. Ягоны жанр можна вызначыць як асветніцкі – новая праца коласаўцаў распавядзе шмат новага і цікавага пра Скарыну як школьнікам, так і іхнім бацькам і настаўнікам.

“Карысна паглядзець гэты спектакль было б усім, і нават замежным турыстам. Але для гэтага добра было б зрабіць сінхронны пераклад”, – лічыць рэжысёр Валерый Анісенка. І дадае: “Мы не з чыстага поля прыйшлі – у нас магутная гісторыя, і нам, дзякуй Богу, ёсць чым ганарыцца: Скарына – вечны”.

Ролю 15-гадовага Францыска Скарыны выдатна сыграў малады акцёр Яўген Бераснеў. Дзяўчыну Марыю, у якую быў закаханы будучы беларускі першаасветнік (ці прачытаеце вы пра такое ў школьных падручніках?!), увасобіла Наталля Саламаха. Акцёр Валянцін Салаўёў у гэтым спектаклі заняты ў ролі Лукі – бацькі Францыска. У эпізадычнай, але адметнай ролі Іосіфа Ш, архіепіскапа Полацкага выступае народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР Тадэвуш Кокштыс. Усяго ў пастаноўцы заняты каля 40 акцёраў. Сцэнаграфія і касцюмы – Валянціны Праўдзінай, музычнае афармленне – Аляксандра Крыштафовіча, харэаграфія – Дзіяны Юрчанка.

Наступны раз спектакль можна ўбачыць у аўторак, 20 траўня. //"Народныя навіны Віцебска"
 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя