Сталічныя ўлады 30 чэрвеня адмовілі ў правядзенні пікета ў абарону Мінскіх брацкіх вайсковых могілак 1914—1918 гадоў, паведаміў БелаПАН адзін з заяўнікаў акцыі, старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч.
Паводле яго слоў, сваю адмову намеснік старшыні Мінскага гарвыканкама Міхаіл Ціцянкоў матываваў тым, што ў заяўцы Мінскага гарадскога таварыства рускай культуры "Айчына" адсутнічае пячатка грамадскага аб'яднання.
"Я лічу, што чыноўнікі спрабуюць выкарыстаць любыя бюракратычныя "кручкі", каб не дазволіць людзям абараняць грамадскія інтарэсы", — заявіў А.Астаповіч.
17 чэрвеня ў Мінскі гарвыканкам была пададзена заяўка на правядзенне 7 ліпеня пікета ў знак пратэсту супраць апаганьвання Мінскіх брацкіх вайсковых могілак, унесеных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Актывісты таварыстваў аховы помнікаў і "Айчына" вырашылі правесці сумесны пікет на тэрыторыі пахавання.
30 мая прадстаўнікам грамадскасці ўдалося прыпыніць земляныя работы па пракладцы каналізацыйнага калектара ў раёне Старавіленскага тракта на месцы былога Старажоўскага рынку, дзе пахаваны больш чым 5 тыс. салдат арміі Расійскай імперыі і бежанцаў, памерлых у мінскіх шпіталях. Высветлілася, што земляныя работы, падчас якіх было знішчана некалькі дзесяткаў пахаванняў, вядуцца з дазволу Міністэрства культуры: адпаведны дакумент быў падпісаны 26 мая.
У 1941—1942 гадах на гэтых могілках ажыццяўляліся пахаванні савецкіх ваеннапалонных, але пасля вайны ўлады горада зрабілі там жывёльны рынак. Дзякуючы намаганням грамадскасці ў 1998 годзе могілкі атрымалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці з адпаведнай ахоўнай зонай, дзе забаронена праводзіць любыя земляныя работы, акрамя добраўпарадкавання. У канцы 2002 года Мінкульт даў згоду на пракладку інжынерных камунікацый па ўсёй тэрыторыі могілак. У выніку частка пахаванняў плошчай каля 150 квадратных метраў была апаганена. Дзякуючы намаганням грамадскасці сталі вядомыя імёны больш чым дзвюх тысяч герояў-добраахвотнікаў Першай сусветнай вайны, пахаваных на гэтых могілках, паведамляе БелаПАН.







Каментары