Прэзентацыя кніг чэшскіх аўтараў, перакладзеных на беларускую мову, прайшла 30 чэрвеня ў пасольстве Чэхіі ў Беларусі.
Раманы Ганы Андронікавай "Гук сонечнага гадзінніка" і Антоніна Баяі "Зваўчэньне", аповесці і п'еса Яхіма Топала і яго сыноў Ёзэфа і Філіпа "Анёл", а таксама раман Яраслава Рудзіша "Неба пад Бэрлінам" выйшлі ў серыі "Чэшская калекцыя" ў мінскім выдавецтве "Логвінаў" у 2005—2008 гадах накладам ад 700 да 1.000 асобнікаў.
Усе літаратурна-мастацкія выданні выпушчаны пры падтрымцы Міністэрства культуры Чэхіі. Пераклад кніг ажыццявілі Вераніка Бяльковіч, Сяргей Сматрычэнка і Марыя Мартысевіч.
Каардынатар праекта Любоў Падпорынава назвала яго "унікальным", паколькі ён увабраў у сябе шэдэўры чэшскай класікі і сучаснай чэшскай літаратуры.
"Акрамя таго, праект накіраваны на стварэнне своеасаблівай майстэрні маладых таленавітах беларускіх перакладчыкаў, якія паспяхова пераадольваюць стэрэатып аб немагчымасці перадаць на беларускай мове дасягненні іншых літаратур", — сказала Л.Падпорынава.
Паводле яе слоў, гэты "сур'ёзны еўрапейскі праект" заснаваны на прынцыпе легальнасці і абавязковага выканання аўтарскіх правоў.
Сярод запланаваных да выпуску новых выданняў серыі "Чэшская калекцыя" Сяргей Сматрычэнка назваў зборнік эсэ Вацлава Гавела, выбраныя творы філосафа і літаратара пачатку XX стагоддзя Ладзіслава Клімы, кнігу Міхеля Вівега "Цудоўныя гады сабаку пад хвост" і раман жахаў Мілана Кундэры.
Паводле слоў каардынатара праекта, гэты пералік сведчыць аб тым, што выдаўцы працуюць "не з адным літаратурным агентам, а з усёй прасторай чэшскай літаратуры", паведамляе БелаПАН.







Каментары