03-07, 11:00

"Верасень" ад саюза мастакоў

Выстава жывапісу і графікі творчага аб'яднання "Верасень" Беларускага саюза мастакоў адкрылася 2 ліпеня ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі ў Мінску. 

У экспазіцыі прадстаўлена каля 100 твораў выяўленчага мастацтва: пейзажы, нацюрморты, партрэты, сюжэтныя творы, ілюстрацыі да кніг і часопіса "Вожык".

Адкрываючы экспазіцыю, намеснік старшыні БСМ Сяргей Цімохаў зазначыў, што аб'яднанне "Верасень" было створана ў верасні 1989 года. Паводле яго слоў, майстры станковай графікі і малюнка, кніжнай ілюстрацыі і акварэлі аб'ядналіся дзеля творчасці, дзе няма месца непамерным амбіцыям, кланавым інтарэсам, раздзелу мастакоў па нацыянальнай прыналежнасці.

Мастацтвазнаўца Алег Белавусаў назваў выстаўленыя работы "вытанчанымі", а членаў аб'яднання — "духоўнымі мастакамі, якія думаюць", тэматыка і стыль твораў якіх "крыху не адпавядаюць" патрабаванням часу. Як лічыць мастацтвазнаўца, з цягам часу зменяцца густы людзей, і творы мастакоў "Верасня" будуць запатрабаваны грамадствам.

Кіраўнік аб'яднання "Верасень" Мікалай Рыжыкаў, які працуе ў станковай графіцы і акварэльным жывапісе, выказаў надзею, што ў верасні наступнага года Беларускі саюз мастакоў дасць аб'яднанню галоўную залу Палаца мастацтва для выставы членаў аб'яднання, прысвечанай яго 20-годдзю.

Выстава працуе да 20 ліпеня, паведамляе БелаПАН.

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя