04-07, 19:20

У Магілёве адкрылі ратушу. Затрымалі апазіцыянераў

Пабачыць будынак ратушы і паўдзельнічаць ва ўрачыстасці з нагоды яе адкрыцця прыйшлі некалькі тысяч жыхароў Магілёва. Але, як выявілася, не кожны ахвочы меў такую магчымасць.

Непадалёк ад Савецкай плошчы, дзе знаходзіцца ратуша, затрымалі восем маладзёжных актывістаў. Яны былі апрануты ў майкі з надпісам "Жыве Беларусь". Паводле слоў адной з затрыманых, Таццяны Буланавай, міліцыянеры без тлумачэння прычынаў загадалі моладзі прайсці ў міліцэйскі аўтобус і даставілі ў Ленінскі раённы аддзел міліцыі.

У міліцыі актывісты прабылі больш за тры гадзіны. Т.Буланава кажа, што прычынай затрымання сталі менавіта майкі з бел-чырвона-белым сцягам і словамі "Жыве Беларусь": "Яны так і сказалі, што нам не падабаюцца вашы майкі. Таксама нам сказалі прычыну затрымання — мы нібыта распаўсюджвалі друкаваную прадукцыю агітацыйную, аднак ніводнай улёткі ў мяне не знайшлі".

Пасля складання пратаколаў і агляду асабістых рэчаў актывістаў адпусцілі.

Што да ратушы, то, паводле слоў магілёўскага гісторыка дэпутата гарсавета Аляксандра Агеева, аднаўлялася яна паводле будаўнічых накідаў XVIII стагоддзя: "Быў абраны менавіта канец XVIII стагоддзя, з якога вядомыя больш-менш дакладныя малюнкі <…>. Аднак яна ўсё ж адрозніваецца ад таго барочнага, заможнага выгляду, які быў".

Плануецца, што менавіта ў ратушы гарсавет будзе праводзіць свае пасяджэнні і важныя гарадскія мерапрыемствы.

У прамове з нагоды адкрыцця ратушы старшыня Магілёўскага аблвыканкама Барыс Батура назваў аднаўленне ратушы перамогай гістарычнай справядлівасці: "Мы з'яўляемся сведкамі перамогі гістарычнай справядлівасці. Пасля доўгіх дзесяцігоддзяў бясплённых размоў пра неабходнасць аднаўлення ратушы было нарэшце прынята цвёрдае рашэнне вярнуць людзям гэтую гісторыка-культурную каштоўнасць", паведамляе БелаПАН

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя