08-08, 16:57

У Мінску і Полацку прагучыць нямецкая арганная музыка

Канцэрт у Сафійскім саборы ў Полацку, які адбудзецца 21 верасня, прадоўжыць праграму сезона нямецкай арганнай музыкі ў Беларусі. Гэты музычны праект рэалізуецца пры падтрымцы пасольства ФРГ у Беларусі.

Як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА у германскай дыпламатычнай місіі, на канцэрце з удзелам Ксеніі Пагарэлай будуць гучаць творы Іагана Себасцьяна Баха, Макса Рэгера і Дзітрыха Букстэхудэ. Ксенія Пагарэлая - салістка канцэртнай залы Сафійскага сабора ў Полацку (арган), лаўрэат Міжнароднага фестывалю духоўнай музыкі "Магутны божа" ў Магілёве (1993 год), удзельніца розных міжнародных фестываляў у Расіі, Германіі, Аўстрыі, Польшчы, Швейцарыі.

У мінскім Архікафедральным касцёле імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі на 27 верасня запланаваны канцэрт з удзелам Уладзіміра Неўдаха (арган), Руслана Курбацкага (труба), Тамары Рэмез (сапрана).

Як адзначылі ў пасольстве ФРГ, нямецкая арганная музыка ў Беларусі прагучыць у выкананні як нямецкіх, так і беларускіх артыстаў. А адкрыццё сезона адбылося 9 ліпеня ў Мінску ў Архікафедральным касцёле імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў час VII Тыдня касцельнай музыкі, ініцыіраванага Беларускай дзяржаўнай акадэміяй музыкі разам з секцыяй царкоўнай музыкі літургічнай камісіі пры Канферэнцыі каталіцкіх епіскапаў у Беларусі.

У канцэрце з удзелам прафесара Вольфганга Брэтшнайдэра прагучалі творы Іагана Себасцьяна Баха, Фелікса Мендэльсон-Бартольдзі, Т'еры Эскейча, Франсіса Пуленка, Алівера Месьена і Каміла Шумана, паведамляе БЕЛТА

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя