25-02, 19:01

Каля 50 чалавек прыйшлі а 18-й гадзіне на Кастрычніцкую плошчу, каб выказаць сваю падтрымку сям’і Казуліных

Зараз разам з дочкамі палітзняволенага Аляксандра Казуліна Вольгай і Юліяй у ланцугу, які працягнуўся ўздоўж праспекта Незалежнасці стаяць вядомыя палітыкі і проста неабыякавыя людзі. Сярод іх лідэр руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, былыя палітзняволеныя Сяргей Скрабец, Мікалай Статкевіч і Павал Севярынец, былы адвакат Казуліна Ігар Рынкевіч.

Людзі прыйшлі з кветкамі і запалілі свечкі. Пасярод Кастрычніцкай плошчы разгорнуты плакат “Свабоду Казуліну!”.

На пачатку акцыі Ігар Рынкевіч звярнуўся да прысутных з прамовай. Паводле былога адваката экс-кандыдата ў прэзідэнты, нічога не замінае ўладам вызваліць Аляксандра Казуліна.

- Іх спробы не дазволіць яму прысутнічаць на пахаванні жонкі не маюць аніякага дачынення да права, і ніякім чынам не стасуюцца з нормамі хрысціянскай маралі.

Ён таксама заклікаў прысутных звяртацца да кіраўнікоў розных канфесій, каб тыя паспрыялі вызваленню Аляксандра Казуліна.

За ўдзельнікамі акцыі ўважліва сочуць людзі ў цывільным, аднак аніякіх захадаў дзеля таго, каб перашкодзіць акцыі, не прымаюць. Некалькі разоў уздоўж праспекта праехаў міліцэйскі аўтамабіль з гукаўзмацняльнай апаратурай. Удзельнікаў акцыі папярэдзілі, што мерапрыемства несанкцыянаванае і яны могуць панесці адміністратыўную адказнасць.
 

 

Вадзім ДОЎНАР

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя