Гэта палітык заявіў падчас сённяшняй онлайн-канферэнцыі на радыё “Свабода”.
Казуліна сярод іншага спыталі: “Неяк Мілінкевіч назваў вас правакатарам і ўсклаў на вас віну за наступствы разгону прыхільнікаў апазіцыі. Іншыя апазіцыянеры, наадварот, вас падтрымліваюць. Чаму ж у апазіцыі такія розныя ацэнкі вашага злачынства?”.
Вось што адказаў Казудін: “Кожны знаходзіцца на тым узроўні свядомасці, на якім ён знаходзіцца. І кожны ацэньвае гэтыя дзеянні сам па сабе. Той факт, што правакатар Казулін сядзіць у турме, а змагар за свабоду Мілінкевіч знаходзіцца на свабодзе і свабодна ездзіць па Еўропе і атрымлівае прэміі – магчыма нешта скажа”.
Пракаментаваў ён і скандал у сваёй Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Нагадаем, днямі Казулін напісаў ліст да паплечнікаў, у якім заклікаў на пазачарговым з’ездзе памяняць ягоных намеснікаў.
“Калі лідэр партыі сядзіць у турме, то намеснікам наўрад ці варта займацца рашэньнем асабістых пытанняў. Цяжка сказаць... Я не хачу назваць гэта здрадай, але гэта вельмі падобна менавіта да здрады. Хаця як раз калі лідэр партыі ў турме, гэта павінна гуртаваць партыю і яе чальцоў. Гэтак жа як многія рэчы, якія адбываюцца ў нашай краіне, павінны людзей аб'ядноўваць, а не раз'ядноўваць", - сказаў Аляксандр Казулін пра сітуацыю ў партыі.




