27-02, 16:56

Гары Каспараў вылучыў Казуліна на Сахараўскую прэмію

Лідэр Аб'яднанага грамадзянскага фронту Гары Каспараў падпісаў ліст з просьбай прысудзіць Сахараўскую прэмію экс-кандыдату ў прэзідэнты Беларусі Аляксандру Казуліну.

Прэмія "За свабоду думкі" імя Андрэя Сахарава заснавана Еўрапарламентам у 1988 годзе. Яна штогод уручаецца за "дасягненні ў справе абароны правоў чалавека і асноўных свабод". Грашовая частка прэміі складае 50 тыс. еўра.

Варта зазначыць, што ў 2006 годзе Сахараўскую прэмію атрымаў Аляксандр Мілінкевіч, у 2004 годзе — грамадскае аб'яднанне "Беларуская асацыяцыя журналістаў".

Нагадаем, 13 ліпеня 2006 года суд прызнаў А.Казуліна вінаватым у "наўмысных дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, <...> суправаджаюцца прымяненнем насілля і знішчэннем чужой маёмасці", а таксама ў "арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і звязаны з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўніка ўлады, якія пацягнулі парушэнне работы транспарту, прадпрыемстваў, і актыўным удзеле ў такіх дзеяннях". А.Казуліна асудзілі на пяць з паловай гадоў пазбаўлення волі, ён адбывае пакаранне ў віцебскай папраўчай калоніі агульнага рэжыму "Віцьба-3".

26 лютага А.Казуліну было прадастаўлена трохсутачнае спатканне са сваякамі ў сувязі са смерцю жонкі.

Арганізацыя "Міжнародная амністыя" прызнала А.Казуліна палітзняволеным. //БелаПАН

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя