У Рэспубліцы Беларусь з глыбокай заклапочанасцю ўспрынята паведамленне аб абвяшчэнні ў аднабаковым парадку часовымі органамі самакіравання Косава незалежнасці краю. Пра гэта гаворыцца ў пасланні прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі прэзідэнту Сербіі Барысу Тадзічу.
“Узмацненне ў сувязі з гэтым напружанасці на тэрыторыі сербскай аўтаноміі пацвярджае нашы апасенні аб узрастанні нестабільнасці ў краі, што можа прывесці да непрадказальных вынікаў”, - зазначыў Аляксандр Лукашэнка.
Беларускі бок глыбока перакананы, што вырашэнне крызіснай сітуацыі ў адносінах паміж Бялградам і Прышцінай ляжыць выключна ў міжнародна-прававой плоскасці, паведамляе прэс-служба прэзідэнта. Асновай для гэтага з'яўляецца дзеючая рэзалюцыя Савета Бяспекі ААН 1244 (1999).
“Прымяненне ў такім адчувальным пытанні двайных стандартаў - недапушчальна. Прызнанне асобнымі дзяржавамі “незалежнасці” Косава наглядна дэманструе сапраўднасць “дружалюбных” намераў Захаду ў адносінах да Сербіі”, - піша беларускі прэзідэнт.
Лукашэнка адзначыў, што беларускі і сербскі народы звязвае шматвекавая дружба, якая вытрымала шматлікія выпрабаванні, і сёння Беларусь выказвае салідарнасць з імкненнем сербаў адстойваць свае суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць.
Радыё Рацыя




