У Магілёве супрацоўнікі КДБ у чарговы раз зацікавіліся студэнтамі, што навучаюцца ў Польшчы па праграме імя Каліноўскага.
Гэтым разам супрацоўнік камітэту, што назваўся Аляксандрам, вырашыў завербаваць ужо былога студэнта. Маладзёвы актывіст Аляксандр Паплыка ў апошнюю сэсію быў адлічаны з Познаньскага універсітэту і мусіў вярнуцца ў Магілёў.
Большасць пытанняў да яго тычылася менавіта праграмы імя Каліноўскага і акцый, што ладзяцца беларускімі студэнтамі ў Польшчы. У выпадку адмовы ад супрацоўніцтва КДБіст пагражаў, што маці і бацька Паплыкі страцяць працу. Але ў выпадку згоды абяцаў дапамогу ў атрыманні польскай візы.
Усяго адбылося каля 10 сустрэч, падчас якіх супрацоўнік спецслужбы настойліва раіў хлопцу пазнаёміцца з маладзёвай актывісткай Таццянай Буланавай ды праз яе ўступіць у “Малады фронт”. Даў нават нумар мабільнага тэлефона дзяўчыны. Акрамя таго, папрасіў папрысутнічаць і на сустрэчы Змітра Дашкевіча з магілёўскімі актывістамі.
На сустрэчы Аляксандр заўсёды прыязджаў на аўтамабілі Фольксваген Вента цёмна-сіняга колеру з дзяржнумарам 4282. Цікава, што на гэтым самым аўтамабілі прыязджаў і супрацоўнік, што называўся Аляксандрам Мядзведзевым, калі спрабаваў схіліць да супрацоўніцтва саму Таццяну Буланаву.
Пасля апошняй сустрэчы Аляксандр Паплыка вырашыў пра ўсё распавесці журналістам. Па ягоных словах, пра кантакт з супрацоўнікам КДБ ведалі яго сябры ад самага пачатку.
Аляксандр БУРАКОЎ






