05-03, 14:17

Дашкевіч узнагароджаны ордэнам Свабоды імя Кастуся Каліноўскага

Адзін з лідэраў незарэгістраванай арганізацыі "Малады фронт", былы палітзняволены Дзмітрый Дашкевіч узнагароджаны ордэнам Свабоды імя Кастуся Каліноўскага.

Цырымонія ўзнагарожання прайшла ў Музеі акупацыі ў Таліне (Эстонія) падчас правядзення 1—4 сакавіка першага кангрэса маладой беларускай дыяспары. На ёй прысутнічалі ўдзельнікі кангрэса, а таксама лідэр Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі — БНФ Зянон Пазьняк, паведамляе БелаПАН.

Заснавальнікамі ўзнагароды сталі маладзёжныя арганізацыі Беларусі і беларускай дыяспары. Ордэн зроблены з бронзы паводле праекта скульптара Алеся Шатэрніка, на адным баку ордэна — выява Кастуся Каліноўскага, на другім — надпіс "Жыві ў свабодзе!".

Д.Дашкевіч першы ўзнагароджаны гэтым ордэнам. Сам ён на цырымоніі прысутнічаць не змог, аднак быў на тэлефоннай сувязі з яе ўдзельнікамі.

Як паведаміў Д.Дашкевіч, ён расцэньвае гэтую ўзнагароду як паказчык працы не толькі яго персанальна, але і ўсёй арганізацыі "Малады фронт".

- Вядома, вельмі прыемна першаму атрымаць такую ўзнагароду. І я магу толькі зазначыць, што мы і ў далейшым будзем працаваць у Беларусі, адстойваць дэмакратычныя і хрысціянскія каштоўнасці і прынцыпы, — сказаў ён.
 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя