Пагадненне паміж урадам Рэспублікі Беларусь і Камісіяй Еўрапейскіх супольнасцей аб заснаванні, прывілеях і імунітэтах прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Беларусі будзе падпісана 7 сакавіка ў Бруселі (Бельгія). Пра гэта паведаміў журналістам прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Папоў 6 сакавіка на брыфінгу.
Паводле яго слоў, пагадненне падпішуць намеснік міністра замежных спраў Валерый Варанецкі і камісар ЕС па знешніх сувязях і палітыцы добрасуседства Беніта Ферэра-Вальднер.
Нагадаем, яшчэ ў 2005 годзе Еўракамісія зрабіла запыт аб магчымасці адкрыцця ў Мінску прадстаўніцтва. 19 кастрычніка 2007 года Аляксандр Лукашэнка ўказам ухваліў праект пагаднення аб адкрыцці офіса ЕК. 5 снежня ў Мінску праект пагаднення быў парафіраваны.
"Беларусь пагаджаецца з заснаваннем на сваёй тэрыторыі прадстаўніцтва Камісіі Еўрапейскіх супольнасцей", а таксама "прызнае на сваёй тэрыторыі за кожнай з Еўрапейскіх супольнасцей правасуб'ектнасць, у тым ліку права заключаць кантракты, набываць маёмасць і распараджацца ёю ў той ступені, у якой гэта неабходна для ажыццяўлення імі сваіх функцый", гаворыцца ў пагадненні.
У дакуменце таксама зазначана, што "Беларусь дае на ўмовах узаемнасці прадстаўніцтву, яго кіраўніку і членам, а таксама членам іх сямей, якія пражываюць з імі разам, прывілеі і імунітэты, прадугледжаныя Венскай канвенцыяй аб дыпламатычных зносінах ад 18 красавіка 1961 года для дыпламатычных прадстаўніцтваў (у прыватнасці, недатыкальнасць памяшканняў, карэспандэнцыі і архіваў, імунітэт ад крымінальнай юрысдыкцыі, падатковыя льготы)". //БелаПАН




