У дачыненні да віцебскага прадпрымальніка Сяргея Парсюкевіча абраная мера стрымання — утрыманне пад вартай.
Паводле праваабаронцы Вячаслава Сіўчыка, 7 сакавіка пастанову аб меры стрымання падпісаў следчы пракуратуры Маскоўскага раёна сталіцы Дзмітрый Разанка. Цяпер Сяргея Парсюкевіча павінны перавесці з ізалятара часовага ўтрымання ў следчы ізалятар на вуліцы Валадарскага.
- Варта зазначыць, што рашэнне аб абранні меры стрымання для Парсюкевіча было прынята пры адсутнасці яго адваката — Веры Страмкоўскай. Нягледзячы на тое, што яна рэгулярна сазвоньвалася са следчым і прасіла аб сваёй прысутнасці ў момант вынясення рашэння. Такім чынам, следчы Д.Разанка парушыў працэсуальныя нормы.
Нагадаем, віцебскі прадпрымальнік Сяргей Парсюкевіч 4 сакавіка быў арыштаваны на трое сутак і змешчаны ў ІЧУ. Яму прад'явілі абвінавачанне ў злачынстве, прадугледжаным артыкулам 364 (насілле або пагроза насілля ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі) КК, і арыштавалі на трое сутак.
Адвакат Вера Страмкоўская падала 5 сакавіка ў суд Маскоўскага раёна Мінска скаргу на незаконнае затрыманне прадпрымальніка Сяргея Парсюкевіча і яго змяшчэнне ў ізалятар часовага ўтрымання, паведамляе БелаПАН.
Па аналагічным абвінавачанні ўтрымліваецца пад вартай Андрэй Кім. Ён быў затрыманы за ўдзел у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў. 31 студзеня актывіст павінен быў выйсці на волю пасля 10-сутачнага адміністрацыйнага арышту, аднак не быў вызвалены. 19 лютага Мінскі гарадскі суд не задаволіў скаргу на змяненне яму меры стрымання. Раней аналагічную скаргу не задаволіў суд Цэнтральнага раёна Мінска, дзе яе разгляд прайшоў у закрытым рэжыме.
Артыкул 364 Крымінальнага кодэкса Беларусі прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін да шасці гадоў.




