07-03, 18:56

У Бруселі падпісана пагадненне аб адкрыцці ў Мінску офіса Еўрапейскай камісіі

Свае подпісы пад дакументам паставілі намеснік міністра замежных спраў Валерый Варанецкі і камісар Еўрасаюза па знешніх сувязях і палітыцы добрасуседства Беніта Ферэра-Вальднер.

З запытам аб магчымасці адкрыцця ў Мінску свайго прадстаўніцтва Еўракамісія звярнулася да беларускіх уладаў у 2005 годзе. 19 кастрычніка 2007 года праект адпаведнага пагаднення быў ухвалены ўказам прэзідэнта Беларусі. 5 снежня ў Мінску гэты дакумент быў парафіраваны.

У пагадненні, у прыватнасці, зазначаецца: “Беларусь прадастаўляе на ўмовах узаемнасці прадстаўнцітву, яго кіраўніку і членам, а таксама членам іх сем'яў, якія жывуць разам з імі, правы, прывілеі і імунітэты, прадугледжаныя Венскай канвенцыяй аб дыпламатычных зносінах ад 18 красавіка 1961 года для дыпламатычных прадстаўніцтваў (у прыватнасці, недатыкальнасць памяшканняў, карэспандэнцыі і архіваў, імунітэт ад крымінальнай юрысдыкцыі, падатковыя льготы)”.

Дакумент увайшоў у сілу з моманту падпісання. Як патлумачыў БелаПАН кіраўнік мінскага офіса ТАСІС Яніс Айзсалніекс, фармальна гэта азначае, што 7 сакавіка ў Мінску адкрыецца прадстаўніцтва ЕК. Паводле яго слоў, з Бруселя толькі павінна прыйсці паведамленне аб тым, хто будзе кіраваць місіяй. Кіраўніком місіі павінен быць прызначаны Жан-Эрык Хольцапфель — цяперашні павераны ў справах Беларусі ў кіеўскім прадстаўніцтва ЕК. Кіраўнік прадстаўніцтва ў Мінску будзе мець ранг пасла, як і кіраўнік офіса АБСЕ.

Як зазначыў Айзсалніекс, спачатку офіс будзе развівацца на базе прадстаўніцтва ТАСІС, а затым паступова пашырацца:

- Нам неабходна набраць людзей, якія пройдуць падрыхтоўку і будуць акрэдытаваныя Бруселем, на гэта спатрэбіцца час.

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя