Сёння малады апазіцыйны палітык з Мастоў Алесь Зарэмбюк правёў 2,5 гадзіны ва ўправе КДБ па Гродзенскай вобласці, дзе яго папярэдзілі аб крымінальнай адказнасці за парушэнне артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу РБ (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, накіраваных на парушэнне грамадскага парадку, альбо ўдзел у іх).
Супрацоўнік КДБ Алег Жывушка цікавіўся абставінамі грамадскага і прыватнага жыцця Алеся Зарэмбюка. З пачутых пытанняў актывіст зразумеў, што яго размовы праслухоўваюцца. Алега Жывушку цікавіла, ці не з’яўляецца Зарэмбюк замежным шпіёнам, на якія сродкі ён існуе, дзе вучыцца, як часта бывае за мяжой.
Асабістую ўвагу чэкіст надаў абставінам сустрэчы Аляксандра Мілінкевіча з жыхарамі Мастоў у лістападзе мінулага года і адзначэнню дня памяці паўстанцаў 1863 года ў Свіслачы. На некаторыя пытанні Алесь Зарэмбюк адказваць адмовіўся, спасылаючыся на сваё канстытуцыйнае права. Шэраг пытанняў тычыўся ўдзелу ў незарэгістраваных арганізацыях. Грамадскі актывіст засведчыў, што з’яўляецца адным з заснавальнікаў руха “За свабоду” і прымае актыўны ўдзел у палітычным жыццім краіны.
Падпісваць папярэджанне аб крымінальнай адказнасці Алесь Зарэмбюк адмовіўся, што было пісьмова зафіксавана ў прысутнасці некалькіх супрацоўнікаў КДБ.
Радыё Рацыя





