12-03, 14:01

Гомельскі маладафронтавец просіць кіраўніка КДБ вярнуць яму камп’ютэр

Актывіст “Маладога фронту” Андрэй Цянюта накіраваў ліст старшыні КДБ Юрыю Жадобіну, дзе скардзіцца на дзеянні следчага з мясцовай філіі камітэта, які забраў у яго камп’ютэр і не аддае.

Як паведаміў Рацыі Андрэй Цянюта, камп’ютэр у яго канфіскавалі ў верасні 2007 года як рэчавы доказ па крымінальнай справе, якая была распачата ў дачыненні шэрагу маладзёвых актывістаў за ўдзел ў незарэгістраванай арганізацыі. Справа ў дачыненні да Цянюты была неўзабаве прыпыненая, але тэхніка ўжо колькі месяцаў застаецца ў следчага.

Камп’ютэр набыты Цянютам у 2004 годзе за 700 долараў, зараз гэта тэхніка, паводле актывіста, мусіць каштаваць дзесьці каля 300 долараў.

Нагадаем, што 2 месяцы таму ў аднаго з незалежных журналістаў у Гомелі супрацоўнікамі КДБ была канфіскаваная лічбавая відэакамера.
 

Павел КАТВІЦКІ

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя