Паводле аднаго з каардынатараў кампаніі Ігара Рынкевіча, рашэнне правесці ў Мінску публічныя слуханні аб выкананні кіраўніцтвам краіны абавязацельстваў па ўдзеле ў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе прынята 14 сакавіка падчас нарады каардынатараў кампаніі. Ён нагадаў, што раней гэтая ініцыятыва называлася “Беларусь — у Раду Еўропы” і была створана лідэрамі грамадскіх, прадпрымальніцкіх, маладзёвых і хрысціянскіх рухаў у адказ на 12 умоў Еўрасаюза беларускаму ўраду, вылучаных у лістападзе 2006 года.
- Мы маем намер правесці на пляцоўцы офіса АБСЕ ў Мінску слуханні з удзелам чыноўнікаў, высокапастаўленых службовых асоб Беларусі, экспертаў грамадзянскай супольнасці, а таксама міжнародных прадстаўнікоў, найперш са структур АБСЕ.
Слуханні, паводле Рынкевіча, запланаваны на красавік гэтага года.
Апрача таго, ён паведаміў, што падчас нарады каардынатарамі кампаніі — грамадскім дзеячам Вячаславам Сіўчыкам, праваабаронцам Ігарам Леднікам, лідэрам прадпрымальніцкага руху Аляксандрам Макаевым, прадстаўнікамі аргкамітэта руху “За Свабоду” — прынята рашэнне “аналізаваць выкананні беларускімі афіцыйнымі асобамі прапаноў Еўрасаюза і даваць ацэнку праведзенай імі работы”. Таксама было вырашана пашырыць колькасць каардынатараў: месца памерлай Ірыны Казулінай зойме Вольга Казуліна, паведамляе БелаПАН. Колькасць каардынатараў кампаніі таксама папоўняць грамадскія дзеячы Павал Севярынец, Мікалай Аўтуховіч, Зміцер Дашкевіч і іншыя.
Ігар Рынкевіч зазначыў, што такое рашэнне ў многім звязана з апошнімі заявамі беларускага МЗС у сувязі з увядзеннем ЗША санкцый у дачыненні да “Белнафтахіма”.
- Мы заўважылі, што афіцыйны Мінск апелюе да шэрагу норм міжнароднага права, у прыватнасці да прынцыпаў АБСЕ . Пры гэтым статус офіса АБСЕ ў Мінску мае ўрэзаны мандат, абавязацельствы дзяржавы па ўдзеле ў АБСЕ не выконваюцца.




