17-03, 11:41

Якубовіч не купіць Міхалевічу вядро для бульбы

У панядзелак суддзя Савецкага суду Мінску Аляксей Таманаў адхіліў пазоў палітыка Алеся Міхалевіча да газеты “Советская Белоруссия” і яе журналіста Арцёма Чалядзінскага (пад гэтым псеўданімам хаваўся галоўны рэдактар выдання Павал Якубовіч).

Намеснік старшыні Партыі БНФ Алесь Міхалевіч звярнуўся ў суд пасля таго, як 11 студзеня 2008 году ў гэтай газеце быў надрукаваны артыкул “Крутой мираж”. Сярод іншага яго аўтар, пішучы пра індывідуальных прадпрымальнікаў, сцвярджаў: “Яны ў большасьці сваёй простыя і добрыя людзі, якія не дасведчаныя ў тым, што ў нас называецца тонкім словам “палітыка”. Таму яны шчыра думаюць, што Міхалевіч-Мілінкевіч, якія ў жыцці не вырасцілі і тым больш не прадалі ніводнага вядра бульбы, рэальна дапамогуць ім у спецыфічных прадпрымальніцкіх праблемах”.

Алесь Міхалевіч палічыў што гэты артыкул ганьбіць ягоны гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю і запатрабаваў ад “Советской Белоруссии” абвергнуць на сваіх старонках непраўдзівыя звесткі пра яго, а таксама выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 6160 рублёў — столькі каштуе ў ГУМе новае вядро для бульбы.

Працэс пачаўся 14 сакавіка. Прадстаўніца “СБ” Вольга Раманава сказала, што “вобраз, ужыты Якубовічам, адлюстроўвае ацэнку аўтарам магчымасці дапамагчы прадпрымальнікам у вырашэнні іх спецыфічных праблем”.

У судзе прадстаўніца газеты запыталася ў сп. Міхалевіча, ці не з’яўляецца ён фігурантам справы з фальшывым накладам газеты “СБ” у сакавіку 2006 году. Міхалевіч заявіў, што гэта не мае ніякага дачынення да справы. На гэта палітык пачуў: “Значыць, маеце. Ці не хочаце Вы такім чынам сябе рэабілітаваць”. Міхалевіч адказаў, што не.

Сам Павал Якубовіч на суд не з’явіўся. Рашэнне можа быць абскарджана цягам 10 дзён у Мінскім гарадскім судзе. //"Наша ніва"
 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя