Лідэр руху “За Свабоду!” звярнуўся да беларусаў з нагоды Дня Волі. 25 сакавіка палітык называе днём, які “стаў святам беларускай душы, падставай для найвялікшага гонару за народ Беларусі”.
“Сваёй самаахвярнай працай на карысць Айчыны заснавальнікі БНР ды іхныя паслядоўнікі заклалі падмурак незалежнасці нашай краіны. Гісторыя даказала, што яны выказвалі волю мільёнаў беларусаў. Цягам трагічнага 20-га стагоддзя наш народ марыў пра сваю дзяржаву. У 1991 годзе незалежнасць Беларусі была адноўлена. Аднак толькі беcпасярэдняя воля народу, выражаная ў актыўным чыне, здольная стварыць трывалую дзяржаву. Сёння ўсім нам належыць шанаваць дасягненні нашых вялікіх продкаў і працаваць далей дзеля Свабоды, Незалежнасці, нацыянальнага адраджэння і росквіту нашай любай краіны. Зробім так, каб светлае свята 25 сакавіка прыйшло ў кожны беларускі дом і сям’ю. Пакажам моц беларускага духу і веры! Годна ўздымем у гэты дзень святыя бел-чырвона-белыя штандары з “Пагоняй”!” – гаворыцца ў звароце Аляксандра Мілінкевіча.
А сканчаецца ён па-баявому: “Нас ёсць, было і будзе шмат і мы пераможам!”




