"Будучыня дыялогу Беларусі з ЗША — гэта поўная адмена санкцыйных мер у дачыненні да беларускіх суб'ектаў гаспадарання", — заявіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў на брыфінгу 20 сакавіка ў Мінску. "Не мы крыніца наяўнай сітуацыі, не мы крыніца напружанасці стасункаў у двухбаковых беларуска-амерыканскіх адносінах", — заявіў афіцыйны прадстаўнік знешнепалітычнага ведамства.
Ёе таксама патлумачыў, што азначае рэкамендацыя беларускага боку ад 17 сакавіка аб скарачэнні штату пасольства ў Мінску. Як зазначыў А.Папоў, "размова на дадзеным этапе не ідзе аб скарачэнні дыпламатычнай прысутнасці ЗША ў Мінску". "Беларускі бок кажа пра тое, што неабходна на парытэтных пачатках выраўнаваць узровень дыпламатычнай прысутнасці, прывесці яго ў адпаведнасць з дыпламатычнай прысутнасцю Беларусі ў ЗША, — заявіў прэс-сакратар. — І такія магчымасці Венская канвенцыя аб дыпламатычных зносінах нам прадастаўляе ў поўным аб'ёме, у прыватнасці артыкул 11 гэтага дакумента. Таму такое патрабаванне беларускага боку абгрунтаванае".
Прадстаўнік МЗС нагадаў, што краіны не абменьваюцца візітамі на высокім і вышэйшым узроўнях. Апрача таго, паводле яго слоў, у сувязі з санкцыямі ў дачыненні да канцэрна "Белнафтахім" будуць скарочаны і эканамічныя кантакты. "У гэтых умовах прапанаваны намі ўзровень парытэтнай дыпламатычнай прысутнасці цалкам дастатковы. Мы прапанавалі амерыканскаму боку самім вызначыцца са спісам тых асоб, які паедуць на радзіму, у адпаведнасці з рэкамендацыямі беларускага МЗС, каб выраўнаваць узровень дыпламатычнай прысутнасці на тэрыторыі Беларусі", — сказаў А.Папоў.
Пасол Беларусі ў ЗША Міхаіл Хвастоў 7 сакавіка адкліканы з Вашынгтона для кансультацый пасля апублікавання на афіцыйным сайце Мінфіна ЗША агляду і тлумачэння да ўсіх уведзеных у дачыненні да Беларусі санкцый, у прыватнасці ў дачыненні да канцэрна "Белнафтахім". Пасол ЗША Карэн Сцюарт па патрабаванні беларускага боку пакінула Мінск 12 сакавіка. Затым амерыканскаму боку было рэкамендавана скараціць колькасць супрацоўнікаў дыпмісіі. 17 сакавіка беларускі бок зноў настойліва рэкамендаваў пасольству ЗША скараціць колькасць персаналу. У адказ амерыканскае пасольства заявіла аб часовым прыпыненні разгляду заяў на атрыманне віз і выдачу віз.
Даведка БелаПАН. Артыкул 11 Венскай канвенцыі аб дыпламатычных адносінах 1961 года абвяшчае наступнае: "Пры адсутнасці канкрэтнага пагаднення аб колькасці персаналу прадстаўніцтва дзяржава знаходжання можа прапанаваць, каб колькасць персаналу прадстаўніцтва захоўвалася ў межах, якія яна лічыць разумнымі і нармальнымі, улічваючы акалічнасці і ўмовы, што існуюць у дзяржаве знахожання, патрэбнасці дадзенага прадстаўніцтва. Дзяржава знаходжання можа таксама — на тых жа падставах і без дыскрымінацыі — адмовіцца прыняць службовых асоб якой-небудзь пэўнай катэгорыі". //БелаПАН




