Актывіст апазіцыі, прадстаўнік аргкамітэта па стварэнні Беларускага камітэта ў абарону правоў зняволеных "Над бар'ерам" Дзмітрый Каспяровіч дастаўлены ў 11-ю клінічную бальніцу Мінска з гіпертанічным крызам.
Як паведаміў Каспяровіч, падчас адбывання пакарання ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна ў Мінску яму стала дрэнна. "Сёння ноччу мне была выклікана хуткая дапамога. Урачы прынялі рашэнне шпіталізаваць і даставілі ў бальніцу", — паведаміў ён.
Нагадаем, Д.Каспяровіч быў затрыманы 15 сакавіка ў раёне сталічнай станцыі метро "Акадэмія навук". Падчас агляду ў машыне актывіста былі знойдзеныя налепкі з заклікам падтрымаць ініцыятыву "Еўрапейская Беларусь" і арганізацыю "Малады фронт", зарэгістраваную ў Чэхіі. Ён быў абвінавачаны ў нецэнзурнай лаянцы і асуджаны на 12 сутак адміністрацыйнага арышту за правапарушэнне, прадугледжанае артыкулам 17.1 КоАП (дробнае хуліганства). //БелаПАН




