Партыя БНФ заклікае ўкладнікаў "Раффайзен-банка" разарваць з ім адносіны і забраць свае ўклады. Пра гэта паведаміў старшыня партыі Лявон Баршчэўскі.
Паводле яго словаў, гэта выклікана заявамі Аляксандра Лукашэнкі ў інтэрв’ю Аўстрыйскаму агенцтву прэсы (АПА) 20 сакавіка. "Дэмакратыя ў Беларусі такая ж, як і ў Аўстрыі, амаль адзін да аднаго", — сказаў кіраўнік дзяржавы. "Дык чаго ж яшчэ не хапае ў дэмакратычным партрэце Беларусі? Што яшчэ трэба Еўропе ад Беларусі?" — задаўся пытаннем прэзідэнт.
"У гэты ж дзень, 20 сакавіка, у Гомелі быў арыштаваны адзін з лідэраў “Маладога фронту” Андрэй Цэнюта. У сувязі з гэтым я выказваю сваё неразуменне, чаму аўстрыйскае кіраўніцтва не рэагуе на заяву Лукашэнкі, што ў Беларусі дэмакратыя на ўзроўні аўстрыйскай. Мы не разумеем, чаму аўстрыйскі "Раффайзен-банк" фактычна фінансуе рэпрэсіўны рэжым Аляксандра Лукашэнкі. І ў сувязі з гэтым я заяўляю, што мы будзем ініцыяваць зварот да ўсіх еўрапейскіх укладнікаў "Раффайзен-банка" забіраць свае ўклады, і пераводзіць іх у іншыя банкі, пакуль не будуць вызваленыя ўсе палітычныя вязні Беларусі", — заявіў, як паведаміла прэс-служба Партыі БНФ, Лявон Баршчэўскі.





