Людзі, якія размаўлялі сёння ў Магілёве з палітыкам, паведамілі пра катастрафічны стан свайго жытла. Лідэр руху “За Свабоду” паабяцаў арганізацыйную і юрыдычную дапамогу ў тым, каб прымусіць мясцовыя ўлады вырашаць неадкладныя праблемы ЖКГ.
На першую сустрэчу, якая праводзілася ў дварах недалёка ад гатэлю “Турыст”, прыйшлі ў асноўным жыхары бліжэйшых пяціпавярховікаў. Яны адразу пачалі распавядаць Аляксандру Мілінкевічу пра праблемы свайго жытла. Каля 6 дамоў па праспекце Міра на ўзгорку былі пабудаваныя ў 1961 годзе па эксперыментальнай, рэсурсазберагальнай тэхналогіі. З той пары ў іх не было капітальнага рамонту. Дамы не маюць падвалаў, балконы разбураюцца, сцены дзе-нідзе праселі, у столях паміж паверхамі дзіры, каналізацыю пастаянна прарывае. Людзі ў адчаі. Яны шмат разоў звярталіся да мясцовых уладаў з просьбай нешта зрабіць, але тыя адказваюць, што пакуль няма грошай. Адмыслоўцы выказваюць меркаванне, што гэтыя дамы адрамантаваць немагчыма, адзінае выйсце – знос будынкаў, паведаміла прэс-служба Мілінкевіча.
У размове з палітыкам, не звяртаючы ўвагу на міліцыю і відэаздымку КДБшнікаў, удзельнічала каля 60 жыхароў праблемных дамоў. Яны правялі лідэра руху “За Свабоду” і ягоных паплечнікаў у свае кватэры і паказалі іх стан. Аляксандр Мілінкевіч і прыхільніца руху, намесніца АГП Людміла Гразнова, якая была запрошана ў паездку, паабяцалі ўсебаковую падтрымку жыхароў у іх змаганні за паляпшэнне жыллёвых умоваў.




