24-03, 19:18

Да 15.00 27 сакавіка Беларусь пакіне палова супрацоўнікаў пасольства ЗША

Да 15.00 27 сакавіка Беларусь пакінуць 17 супрацоўнікаў пасольства ЗША ў Мінску, паведаміў часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джонатан Мур. 

Паводле слоў дыпламата, раніцай 24 сакавіка ў яго адбылася сустрэча ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі, на якой ён паведаміў аб рашэнні Вашынгтона скараціць колькасць амерыканскіх супрацоўнікаў пасольства.

"Беларускі бок вызначыў нам дату 24 сакавіка (да 15.00) як крайні тэрмін для прыняцця гэтага рашэння, — сказаў Дж.Мур. — Са шкадаваннем і цвёрдай упэўненасцю, што гэтае патрабаванне не адпавядае Венскай канвенцыі аб дыпламатычных зносінах, ЗША прынялі рашэнне аб скарачэнні штата пасольства". Дж.Мур паведаміў, што ў дыпмісіі застаюцца працаваць 17 амерыканскіх супрацоўнікаў.

Дыпламат нагадаў, што ў сувязі з патрабаваннем беларускага боку аб скарачэнні колькасці супрацоўнікаў пасольства ЗША вымушана часова прыпыніць выдачу віз беларускім грамадзянам.

"Гэта часовая мера, — падкрэсліў Дж.Мур. — Мы вымушаны пайсці на гэта ў сувязі з тым, што нашы намаганні цяпер сфакусаваныя на тым, каб нашы супрацоўнікі паспелі пакінуць Беларусь да таго тэрміну, які нам вызначаны".

Ён падкрэсліў, што ў экстраных выпадках пасольства гатова выдаваць візы беларускім грамадзянам, а таксама выказаў надзею, што з наступнага тыдня адновіцца нармальная работа консульскага аддзела. "Беларускія ўлады настойваюць на памяншэнні колькасці работнікаў пасольства, але пры гэтым чакаюць, што колькасць выдадзеных віз застанецца ранейшай. Цяпер гэта адна з праблем, якія мы спрабуем вырашыць", — сказаў Дж.Мур. //БелаПАН

 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя