Вядомы мастак Алесь Марачкін затрыманы ў сваёй майстэрні і цяпер змешчаны ў ізалятар на Акрэсціна. 25 сакавіка яго будуць судзіць. На творчай кватэры мастака міліцыянты канфіскавалі ўсе транспаранты і візуальную прадукцыю да акцыі ў Дзень Волі.
“Пасля затрымання Алеся Марачкіна адразу павезлі на Акрэсціна, нават у РУУС не даставілі”, - паведаміў Рацыі старшыня культурніцкай камісіі Партыі БНФ Франак Вячорка. Паводле яго словаў, з майстэрні Марачкіна была вывезеная ўся візуальная прадукцыя да акцыі ў Дзень Волі.
Франак Вячорка заўпэўніў, што нягледзячы на канфіскацыю транспарантаў, акцыя 25 сакавіка будзе аздобленая належным чынам. “Гэта не праблема, мы штосці абавязкова прыдумаем”, - кажа ён.
Маніфестацыя да Дня Волі пачнецца ў аўторак а 18-й гадзіне на плошчы Якуба Коласа ў Мінску, затым удзельнікі паспрабуюць прайсці да помніка Максіму Багдановічу ля Опернага тэатру. Мінскія ўлады санкцыянавалі традыцыйны маршрут для апазіцыйных шэсцяў - ад Акадэміі навук да парка Дружбы народаў на плошчы Бангалор.
Аляксей МІНЧОНАК




