27-03, 13:26

"Белсат" звязвае вобыскі ў кватэрах незалежных беларускіх журналістаў з асвятленнем падзей у Мінску 25 сакавіка

Кіраўнік службы інфармацыі польскага тэлеканала "Белсат" Аляксей Дзікавіцкі звязвае вобыскі ў кватэрах беларускіх журналістаў, што супрацоўнічаюць з тэлеканалам, з асвятленнем дэманстрацыі ў Мінску 25 сакавіка. 

"Я лічу, што гэта звязана з тым, што 25 сакавіка, калі для большасці замежных СМІ была спынена магчымасць перадачы праз спадарожнік відэаматэрыялу з дэманстрацыі, "Белсат" быў адзіным, хто змог паказаць матэрыял у эфіры, а таксама перадаць калегам", — сказаў А.Дзікавіцкі. Паводле яго слоў, гэты факт "мог раззлаваць прадстаўнікоў уладаў".

Дзікавіцкі таксама зазначыў, што з раніцы 27 сакавіка ў розных рэгіёнах Беларусі прадстаўнікі спецслужбаў праводзяць вобыскі ў кватэрах і офісах каля дзесятка журналістаў, якія не з'яўляюцца супрацоўнікамі "Белсата", але супрацоўнічаюць з тэлеканалам праз адно з польскіх інфармацыйных агенцтваў.

Паводле звестак А.Дзікавіцкага, праводзіцца праверка зместу камп'ютэраў. Тэлекампанія не мае інфармацыі аб тым, што менавіта шукаюць супрацоўнікі КДБ. Напрыклад, да аднаго з журналістаў яны прыйшлі ў кватэру на падставе таго, што яго аўтамабіль быў няправільна прыпаркаваны. "Некалькі журналістаў з розных рэгіёнаў затрымана, на падставе чаго — пакуль невядома", — сказаў Дзікавіцкі.

А 13-й гадзіне па мінскім часе "Белсат" мае намер правесці ў Варшаве прэс-канферэнцыю для прадстаўнікоў СМІ, акрэдытаваных у польскай сталіцы, каб разам з калегамі з "Радыё Рацыя" расказаць аб сітуацыі ў Беларусі. "Мы гатовы аказваць нашым журналістам юрыдычную дапамогу. На гэты час прэс-канферэнцыя — адзінае, што мы можам для іх зрабіць", — заявіў А.Дзікавіцкі.

Ён таксама зазначыў, што прадстаўніцтва тэлеканала ў Беларусі праходзіла працэс рэгістрацыі. //БелаПАН


 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя