27-03, 14:28

Еўропа дапаможа рэпрэсаваным беларусам

На ўчарашнім паседжанні Рады ЕС зноўку падымалася пытанне Беларусі, у прыватнасці жорсткія паводзіны беларускіх улад у дачыненні да апазіцыі 25 сакавіка, масавыя затрыманні і асуджэнні людзей. Старшыня дэлегацыі Еўрапарламенту ў справах Беларусі Яцэк Пратасевіч паведаміў, што ў абмеркаванні бралі ўдзел старшыня парламенту, старшыня камісіі Рады ЕС, то бок, найважнейшыя еўрапейскія палітыкі, дыскусія тычылася сённяшніх падзей ў Тыбеце, якія, на думку парламентарыяў, маюць шмат агульнага з беларускай сітуацыяй. Мы асуджаем кітайскія улады з-за ўсіх тых страхаў ў сталіцы Тыбету, таксама асуджаем ўлады беларускія за масавыя рэпрэсіі ў сталіцы Беларусі.

На пытаньне “Радыё Рацыя” пра тое, якім чынам парламент Еўропы выразіць свой пратэст супраць паводзінаў беларускіх улад у дзень святкавання ўгодкаў абвяшчэння БНР, а таксама рэпрэсій супраць незалежных журналістаў, Яцэк Пратасевіч запэўніў: “Дакладна не будзем маўчаць, калі ў Еўрасаюзу пад бокам адбываюцца такія справы, якія чыніць рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Беларусь хоча мець добрыя стасункі з Еўропай, а гэта робіцца ўсё больш складаным праз эканамічную сітуацыю, якая ў Беларусі толькі пагаршаецца. Аднак калі беларуская дзяржава хоча захоўваць з намі нармалёвыя адносіны, яна мусіць адмовіцца ад такіх метадаў. Сёння паводзіны беларускіх улад нагадваюць не еўрапейскія, а азіяцкія, гэткую ж сітуацыю, якая зараз склалася ў Тыбеце.

У Еўропе шануюць людзей, шануюць народ, шануюць грамадзян. Прымяненне сілы і пераслед КДБ у дачыненні да звычайных людзей – гэта сведчанне таго, што рэжым дыктатуры заходзіць у тупік”. Таксама Яцэк Пратасевіч запэўніў, што Еўрасаюз дакладна і надалей будзе дапамагаць рэпрэсаваным студэнтам, завяспечваючы ім магчымасць навучання і стыпэндыі, пазбаўленым працы людзям будуць намагацца дапамагаць матэрыяльна. “Апазіцыі ж мы абяцаем падтрымку Еўропы і ЗША у тым не роўным па сіле змаганні, якое, аднак, з’яўляецца справядлівым”, - сказаў Пратасевіч. 

Адэля ДУБАВЕЦ

 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя