Cённяшнія ператрусы ў дзесяткаў беларускіх незалежных журналістаў праводзіліся на падставе даручэння намесніка пракурора Мінска А.Стука першаму намесніку старшыні КДБ генерал-маёру Вегеры В.П. У даручэнні пералічаныя прозвішчы людзей, якія, па аператыўных звестках, з’яўляюцца супрацоўнікамі тэлеканалу “Белсат”. Ад рукі ў дакуменце дапісана, што ператрусы трэба правесці таксама ў “іншых актывістаў радыкальных палітызаваных груповак”.
Пра гэта паведаміў кіраўнік наваполацкай філіі Беларускай арганізацыі журналістаў Андрэй Аляксандраў, у якога ў кватэры прыкладна ў 14.00 скончыўся ператрус. Супрацоўнікі КДБ прад’явілі яму ордэр на ператрус і тэкст “Даручэння”. У апошнім пералічаныя прозвішчы 16 журналістаў, якія Аляксандраў перапісаў: Мельнікаў, Гатоўчыц, Баршчэўскі, Сцяпанава, Суднік, Вараб’ёў, Карпенка, Аршынскі, Васількоў, Брокараў, Шобін, Чухно, Дэх, Белы, Бучэк, Шчапёткіна і сам Аляксандраў.
З даручэння вынікае, што супрацоўнікі КДБ такім чынам прымаюць захады па прадухіленні распаўсюду заведама лжывых вымыслаў адносна кіраўніка беларускай дзяржавы. Гаворка ідзе пра дэманстрацыю “анімацыйнага роліка”, нібыта паказанага па тэлеканале “Белсат”, паведаміла прэс-сулжба БАЖ.




