27-03, 18:09

МЗС: абшукалі замежныя СМІ без акрэдытацыі

Замежныя СМІ, у рэдакцыях якіх 27 сакавіка праводзіліся вобыскі, не маюць акрэдытацыі ў Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў заяве начальніка аддзела прэс-службы беларускага МЗС Марыі Ваньшынай. 

Нагадаем, сёння раніцай пачаліся масавыя вобыскі ў Мінску, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне і іншых гарадах Беларусі. Яны праводзіліся на здымных і асабістых кватэрах журналістаў, якія супрацоўнічаюць з "Радыё Рацыя", польскім тэлеканалам "Белсат", а таксама іншымі СМІ — замежнымі і недзяржаўнымі беларускімі. Падчас вобыскаў у журналістаў канфіскавалі аргтэхніку і розныя носьбіты інфармацыі.

"Хачу адразу нагадаць, што дзейнасць замежных журналістаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь рэгламентуецца законам "Аб сродках масавай інфармацыі". Ён прадугледжвае, што, як і ў многіх іншых краінах свету, у Беларусі журналістам замежных мас-медыя для працы патрабуецца акрэдытацыя, — сказала М.Ваньшына. — Што ж да тых замежных медыяструктур, назвы якіх цяпер узгадваюцца ў СМІ, то магу афіцыйна заявіць, што іх прадстаўнікі не маюць акрэдытацыі для працы ў Беларусі".

Ваньшына падкрэсліла, што ў гэтым выпадку гаворка ідзе "аб нейкіх прыватных асобах з ліку беларускіх грамадзян, якія доўгі час за замежныя грошы незаконна займаліся журналісцкай дзейнасцю на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь". "Але, згадзіцеся, гэта ж не робіць іх журналістамі замежных медыя?! Як казалі нашы мудрыя продкі: не кожны той манах, хто ў расе, — вобразна выказалася начальнік аддзела прэс-службы. — Нелегальны характар дзейнасці згаданых асоб у Беларусі ніколі не ўтойвалі і іх замежныя гаспадары, неаднаразова і прама заяўляючы аб гэтым у прэсе". "Зыходзячы з гэтага лагічна, што дадзенай сітуацыяй цяпер займаюцца адпаведныя структуры Рэспублікі Беларусь", — рэзюмавала М.Ваньшына. //БелаПАН
 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя