26-11, 22:03

Лукашэнка ўпэўнены ў далучэнні Кыргызстана да мытнага саюза

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што Кыргызстан у агляднай будучыні далучыцца да мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі. Пра гэта ён заявіў 26 лістапада ў Менску падчас двухбаковай сустрэчы з прэзідэнтам Кыргызстана Курманбекам Бакіевым, якая адбылася ў межах саміта "Злучым прастору СНД", што праходзіць у Менску.

- Заява такая ёсць, эксперты працуюць. Цікавасць да гэтага іншых членаў мытнага саюза велізарная, — цытуе словы Лукашэнкі прэс-служба прэзідэнта. 

- Упэўнены, што вялікія адлегласці ад Беларусі да Кыргызстана не будуць перашкодай для ўзаемадзеяння. А патэнцыял тут значны, — сказаў  кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што пры абмеркаванні перспектыў мытнага саюза ён заўсёды настойваў на тым, каб у гэтым працэсе ўлічваліся інтарэсы і намеры і іншых постсавецкіх краін, у тым ліку Кыргызстана.

- За некалькі гадоў мы з вамі прайшлі нялёгкі шлях аднаўлення  нашых адносін, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Сёння мы знаходзімся ў пошуку новых перспектыў нашага супрацоўніцтва. Многае ў нас ужо атрымліваецца.

Лукашэнка падкрэсліў значнасць пасяджэння Міждзяржаўнага савета ЕўрАзЭС, якое пройдзе ў Менску 27 лістапада. "Упэўнены,  яно дасць значны штуршок развіццю нашых эканомік", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт Кыргызстана Курманбек Бакіеў з задавальненнем адзначыў, што нядаўна ў Бішкеку пачалася зборка трактароў МТЗ. "Гэта вельмі добры вынік нашых сумесных намаганняў, — адзначыў прэзідэнт Кыргызстана. — Але мы хочам прасоўвацца і далей: стварыць сумесную зборку аўтобусаў". Акрамя таго, з Кыргызстана плануецца  пастаўляць беларускія трактары не толькі на рынкі краін Сярэдняй Азіі, але і ў Іран, Афганістан і іншыя дзяржавы, паведамляе БелаПАН

Каментары

/ дадаць каментар /
Тэма:
Імя: *
Тэкст: *
Увядзіце код: *
 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя