08-05, 13:46

“Міжнародная амністыя” непакоіцца за амерыканскага юрыста Эмануіла Зельцэра

Праваабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя” заклікала сваіх прыхільнікаў звяртацца да беларускіх уладаў з патрабаваннем тэрмінова забяспечыць амерыканскага юрыста Эмануіла Зельцэра неабходнымі лекамі, а таксама правесці незалежнае расследаванне фактаў фізічнага насілля над ім, каб пакараць вінаватых.

Як паведамляецца ў заяве міжнародных праваабаронцаў, Эмануіл Зельцэр быў затрыманы ў Мінску 12 сакавіка. 21 сакавіка яму было прад'яўлена абвінавачанне ў выкарыстанні заведама падробных дакументаў. Зельцэр утрымліваецца ў следчым ізалятары КДБ, дзе яго “дапытвалі і збівалі, адмовіўшы ў леках, якія ён прымае з прычыны дыябету і артрыту”.

Консулу ЗША Кэралайн Сэвідж двойчы дазволілі наведаць Зельцэра, 27 сакавіка і 25 красавіка. Пасля другога візіту яна расказала аб пагаршэнні стану яго здароўя - амерыканскі грамадзянін моцна схуднеў, з цяжкасцю ходзіць і размаўляе.

“Міжнародная амністыя” заклікае пісаць прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку, генеральнаму пракурору Рыгору Васілевічу і міністру ўнутраных спраў Уладзіміру Навумаву і заклікаць іх забяспечыць абарону Зельцэра ад фізічнага насілля, а таксама дазволіць яму рэгулярныя сустрэчы з консулам ЗША, адвакатам і ўрачом. // БелаПАН

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя