“Спробы дыктату, эканамічнага шантажу не раз мелі месца ў адносінах да суверэннай і незалежнай Беларусі. Але ніхто і нішто не прымусіць нас павярнуць з абранага шляху, падпарадкавацца чужой волі”, - заявіў 9 траўня на плошчы Перамогі ў Мінску прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.
- Наша краіна дакладна вытрымлівае курс добрасуседства, пабудовы шматпалярнага свету, строгага выканання прынцыпаў міжнароднага права ў адносінах паміж дзяржавамі. Мы будуем сваю палітыку на ідэалах свабоды, на праве кожнай з дзяржаў самастойна выбіраць свой шлях развіцця, на даверы і пошуку цывілізаванай перспектывы для ўсіх народаў.
Паводле Лукашэнкі, у Беларусі забяспечаны мір, стабільнасць і бяспека.
- Так будзе і надалей. Узброеныя сілы Беларусі стаяць на варце рубяжоў Айчыны.
Прэзідэнт канстатаваў, што XXI стагоддзе не прынесла чалавецтву пазбаўлення ад войнаў.
- Сутнасць узброеных канфліктаў радыкальна трансфармавалася, але ад гэтага яны не сталі менш разбуральнымі і згубнымі.
Сярод фактараў, якія могуць “прывесці да ўспышкі новага сусветнага пажару”, Аляксандр Лукашэнка назваў наступныя:
- На планеце назапашаны велізарныя арсеналы ядзернай і іншых відаў зброі масавага паражэння. Асобныя краіны, якія ўявілі сябе звышдзяржавамі, дазваляюць сабе ўмешвацца ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў, а ў якасці апошняга аргумента выкарыстоўваюць ваенную сілу. Узрастае актыўнасць блока НАТО. У яго шэрагі ўцягваюцца новыя сябры з ліку былых сацыялістычных дзяржаў. У цэнтры Еўропы размяшчаюцца элементы амерыканскай сістэмы стратэгічнай супрацьракетнай абароны. Сёй-той спрабуе перагледзець вынікі Другой сусветнай вайны, перакроіць карту Еўропы. // БелаПАН




