Віцебскаму прадпрымальніку, які цяпер знаходзіцца ў Жодзінскім СІЗА, неабходна аперацыя ў сувязі з паліпозам.
Паводле адвакаткі Веры Страмкоўскай, Сяргей Парсюкевіч ужо напісаў заяву аб датэрміновым, да ўваходжання прыгавора ў законную сілу, пераводзе са следчага ізалятара ў калонію, бо толькі адтуль ён можа быць накіраваны на аперацыю ў бальніцу. Такое рашэнне знаходзіцца ў кампетэнцыі адміністрацыі папраўчай установы.
Адвакат, якая сустракалася з Сяргеем Парсюкевічам 3 траўня, падкрэсліла, што ён дрэнна сябе адчувае, і дзякуе ўсім, хто яго падтрымлівае.
Парсюкевіч быў асуджаны на два з паловай гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму за збіванне супрацоўніка мінскага цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў Аляксандра Дулуба. Суд адбыўся 23 красавіка. Сам прадпрымальнік віну не прызнаў і 28 красавіка накіраваў у Мінскі гарадскі суд скаргу на рашэнне суда Маскоўскага раёна сталіцы. Разам з Страмкоўскай яны адзначылі “тэндэцыйнасць як у працэсе расследавання, так і ў прадстаўленні гэтай справы суду”. Напрыклад, суд не прызнаў паказанні сведак з боку абароны і не звярнуў увагу на супярэчнасці ў паказаннях сведак з боку абвінавачання. // БелаПАН




